Ля памятнай табліцы з барэльефам першадрукара сабралася віленская беларуская грамадскасць: сябры беларускіх суполак, студэнты ЕГУ разам з выкладчыкамі Сяргеем Харэўскім і Аляксандрам Калбаскам, вучні віленскай беларускай гімназіі імя Францыска Скарыны з настаўніцай Валянцінаю Кавальчук ды багата іншых гасцей і мінакоў. Урачыстаць адкрыў дудар Вячаслаў Красулін, вучні ў беларускіх уборах усклалі вянок. Вітальныя прамовы сказалі кіраўнік суполкі «Сябрына» Валянцін Стэх і прафесар ЕГУ Аляксандр Калбаска. Затым імпрэза працягнулася ў выглядзе экскурсіі ў бібліятэку віленскага ўніверсітэта, дзе атрымалі ўнікальную магчымасць паглядзець на аўтэнтычную скарынаўскую кнігу «Апостал», што захоўваецца там, ды іншыя старадрукі і рукапісы.