Месцазнаходжанне: Паселішча паміж азёрамі Мястра і Баторына. Мядзел быў памежным горадам Полацкай зямлі. У пісьмовых крыніцах Мядзель упершыню згадваецца ў 1324 у лісце вялікага князя Гедзіміна рыжскаму арцыбіскупу. Археалагічныя даследаванні выявілі, што першапачаткова ў X-XI ст. умацаванае драўлянае паселішча Мядзел знаходзілася на самым вялікім востраве возера Мядзел, пры ўпадзенні ў возера Мястра ракі Дробня, якая злучае яго з возерам Баторына. Сёння гэта паўвостраў Замак, дзе і сёння захаваліся рэшткі ўмацаванняў. Тамсама знаходзяцца рэшткі Мядзельскага замка XV-XVI стст. Возера Мядзел і замак на ім былі важным пунктам водных, а затым і сухапутных дарог на Вільню.
Мядзел у часы Скарыны
У часы Скарыны Мядзельскі замак на тэрыторыі старажытнага гарадзішча быў надзейным сховішчам для жыхароў Мядзела і прылеглых паселішчаў падчас ваеннай небяспекі. У тую эпоху сярод мураваных вежаў і сценаў ён меў масіўную вежу-данжон. Мяркуецца, што вышыня вежы дасягала 30 м, а па памерах яна была блізка да Камянецкай вежы.У 1-й палове XVI ст. да вежы быў прыбудаваны мураваны палац. К сярэдзіне XV ст., у часы Скарыны, мястэчка Мядзел ужо падзялялася на Стары (паўночная частка) і Новы Мядзел. Стары Мядзел вядомы з 1457 года, а Новы Мядзел — з 1527 года. Стары Мядзель у розны час быў у валоданні шмат якіх магнатаў і памешчыкаў — Радзівілаў, Францкевічаў, Райскіх, Грабкоўскіх, Кошчыцаў, а Новы Мядзел заставаўся у ліку велікакняжацкіх уладанняў.
Мядзел з XVIIІ ст. да нашых дзён
Мядзельскі замак быў зруйнаваны дашчэнту падчас Паўночнае вайны 1700-1721 гг. Стары Мядзел у сярэдзіне XVIII стагоддзя атрымаў статус мястэчка і магдэбургскае права з правам на 4 кірмашы на год. У 1754 годзе тут, пры кляштары кармэлітаў быў пабудаваны касцёл Маці Божай Шкаплернай, на ўзгорку над возерам. Гэта цэнтрычны купальны храм у духу позьняга барока, колісь меў шыкоўны аздобы ў сталі ракако. Фундаваў будаўніцтва касцёла уладальнік Старога Мядзела Антон Кошчыц. Разам з касцёлам былі пабудаваныя будынкі кляштару і плябаніі. За сваю гісторыю касцёл пэўны выкарыстоўваўся ў якасці ўніяцкага кляштара, а таксама пазней быў пераабсталяваны ў праваслаўную царкву. У міжваенны час, храм вярнулі каталікі, а на тэрыторыі кляштару зноў жылі ксяндзы. У 1930-я гг. у Старым і Новым Мядзелі было два касцёлы, 2 царквы, сінагога і мячэць.
Мядзельская Кальварыя
Манахі-кармэліты разбудавалі на высокіх тамтэйшых пагорках Мядзельскую Кальварыю, што ў 1772 годзе налічвала 21 капліцу і 8 брамаў. Кальварыя была разбураная пасля Другой сусветнай вайны савецкімі ўладамі. Пасьля 1991 году гэтае месца пакланення тутэйшых вернікаў і пілігрымаў пачалі адраджаць. У пачатку 2000-х гадоў на Кальварыйскай гары, усталявалі крыжы. Адтуль адкрываецца панарама на вазёрныя разлогі, дзе стагоддзямі пралягаў шлях ад Полацка да Вільні. Адноўленая Мядзельская Кальварыя, на скрыжаванні дарог і дасёння шанаванае гістарычнае месца.