Месцазнаходжанне: «Трактам Стэфана Баторыя. Паставы на памежжы культур» – так назваў сваю кнігу пра гісторыю горада мясцовы гісторык Іосіф Зямчонак. І сапраўды вызначальным для развіцця мястэчка было знаходжанне на сухім шляху з Вільні да Полацка, што мела стратэгічнае значэнне падчас вайсковых кампаній караля Стэфана Баторыя. Апісанне вайсковых дзеянняў дае нам і некаторае ўяўлянне пра шляхі перамяшчэння людзей і тавараў у XVI стагоддзі. У 1581 годзе венгерская пехота шла пешым шляхам з Вільні да Пастаў, а потым на лодках з гарматамі яна перапраўлялася праз рэчкі Мядзелка і Дзісенка да Дзісны. Альтэрнатыўны шлях быў выкарыстаны для дастаўкі пораха і правіянта з Коўна па рацэ Віліі да Міхалішак, адтуль сухім шляхам да Пастаў, і адтуль ужо да Дзісны.

Паставы ў часы Скарыны

Упершыню Паставы згадваюцца ў 1516 годзе, калі тут быў заснаваны драўляны парафіяльны касцёл Юрыем Іванавічам Зяновічам, які займаў важныя дзяржаўныя пасады (з 1515 года – маршалак дворны) і прымаў актыўны ўдзел у палітычным жыцці ў часы кіравання вялікага князя Аляксандра, у тым ліку браў удзел у дэлегацыі, выпраўленай у Маскву, каб пасватаць княгіню Алену. Паставы тады былі прыватным мястэчкам Ашмянскага павета Віленскага ваяводства. У 1522 годзе пастаўскія землі былі падзеленыя паміж чатырма сынамі Юрыя Зяновіча: Мікалаем, Міхаілам, Юрыем і Янам, кожны з якіх пабудаваў сабе ў Паставах прыватны двор. Усе сыны пацвердзілі і фундацыю касцёла.

 

Паставы з XVII ст. да нашых дзён

Асаблівае значэнне гандлёвае мястэчка набывае, калі пераходзіць ва ўласнасць нямецка—інфлянцкага роду Тызенгаўзаў у другой палове XVIII стагоддзя.

Граф Антоні Тызенгаўз атрымаў Паставы як пасаг сваёй жонкі. Ён быў адной з самых выбітных постацей у гісторыі Рэчы Паспалітай апошняга перыяду існавання гэтай дзяржавы, на пасадзе надворнага падскарбія, ён іныцыяваў шмат эканамічных рэформаў і тэхналагічных інавацый, якія мусілі павялічыць каралеўскія прыбыткі. Галоўнай сядзібай падскарбія стала Гародня, дзе былі заснаваныя шмат мануфактур і фабрык, школаў, навуковых і культурных устаноў. Падобныя рэформы, хоць і ў меншым масштабе Антоні Тызенгаўз праводзіў і ў Паставах, дзе ён пабудаваў сабе палац для прыватнай рэзідэнцыі. Па яго ініцыятыве ў Паставах былі закладзены мануфактуры і рамесніцкія майстэрні , у 1780 годзе была адчынена сярэдняя школа, падпарадкаваная Віленскай Галоўнай Школе. Праз два гады з Гародні сюды была перанесеная тэатральная школа. Пры Антоніі Тызенгаўзе «з беднага драўлянага мястэчка пераўтварыліся ў прыгожы каменны горад, італьянскі архітэктар Джузэпэ дэ Сака (Giuseppe de Sacco) адказваў за стварэнне гарадскога цэнтра вакол рынка: тут былі ўзведзены мураваныя дамы з рамесніцкімі майстэрнямі, гандлёвыя рады, будынкі аптэкі і суда. У значнай ступені гэты ансамбль здолеў захавацца, хоць у 1940 г. былі знесеныя гандлёвыя рады пасярод плошчы.

Росквіт Паставаў працягваўся і ў часы Канстанціна Тызенгаўза (1785—1853), які стала жыў у пастаўскім палацы, у значнай ступені ім перабудаваным (знешні выгляд палацу і захаваўся да гэтага часу). Канстанцін Тызенгаўз быў славутым навукоўцам, еўрапейскага масштабу арнітолагам, і значную частку палацу ён аддаў пад стварэнне выбітнага арніталагічнага музея (пасля яго смерці арніталагічная калекцыя была перададзеная Віленскай Археалагічнай камісіі, і да нашага часу значная частка захоўваецца ў зборах Віленскага ўніверсітэта). Таксама тут была створана знакамітая карцінная галерэя, дзе паводле вопіса 1840 года, знаходзіліся творы Леанарда да Вінчы, Паола Веранэзэ, Пітэра Поля Рубенса, Пітэра Брэйгеля, Альбрэхта Дзюрэра. Пазней галерэя была расцярушанай, часткова яна была вывезенай у палац у Ракішках (некаторыя творы патрапілі ў калекцыю мастацкай галерэі ў Коўна), часткова – у варшаўскі палац Пшэздзецкіх (які быў спалены падчас Другой сусветнай вайны), часткова – у Кіеў падчас эвакуацыі ў 1915 годзе (большасць гэтых твораў таксама знікла).

Зараз у палацы знаходзіцца адміністрацыя гарадскога шпіталя, але ў падвальным памяшканні адчыненая экспазіцыя раённага краязнаўчага музея, якая распавядае і пра культурны росквіт Паставаў пры Антоніі і Канстанціне Тызенгаўзе. Абодвум выбітным постацям каля палаца ўсталяваныя помнікі.