Месцазнаходжанне: Глыбокае з’яўляецца адным з вузлавых пунктаў на гістарычным сухапутным шляху з Вільні да Полацка. Адлегласць да Вільні складае 172 км, да Полацка — 81 км. Таксама з XVI ст. вядомы сухапутны шлях паміж Глыбокім і Дзісной (71 км). Такім чынам, транспартная камунікацыя паміж Вільняй і Полацкам праз Глыбокае ў часы Скарыны магла здзяйсняцца двума шляхамі: сухапутным і водна-сухапутным (праз Дзісну).

Глыбокае ў часы Скарыны

Афіцыйна першай датай упаміну пра Глыбокае ў крыніцах лічыцца 1414 год, калі мясцовасць ўзгадваецца ў сувязі з дазволам, выдадзеным вялікім князем Вітаўтам Зяновію Братошычу на права валодання спадчыннымі землямі ягонага бацькі Братошы, сярод якіх названае Глыбокае. Братоша лічыцца пачынальнікам вядомага ў гісторыі ВКЛ роду Зяновічаў.

Пад 1514 годам Метрыка ВКЛ фіксуе крымінальную гісторыю пра тое, як «старец пана Юрия Дисненского… забил человека пана его милости Верхнянца… идучи з торгов з имения пана Юрия из Глубокого…». З гэтага упаміну вынікае, што Глыбокае з’яўлялася ўласнасцю Юрыя Іванавіча Зяновіча, праўнука Братошы, які на той час з’яўляўся магілёўскім намеснікам, а ў 1515 г. атрымаў пасаду маршалка дворнага. Таксама паводле гэтага ўпаміну Глыбокае з’яўлялася гандлёвым паселішчам, у якім адбываліся таргі.

На 1552 год вядома, што мястэчка Глыбокае падзялялася на дзве часткі, падзелам паміж якімі служыла рака Бярозаўка. Паўднёва-заходняя частка належала Зяновічам і ўваходзіла ў склад Ашмянскага павета Віленскага ваяводства. Там быў пабудаваны Глыбоцкі замак, пазначаны на карце М. Струбіча «Тэатр вайны за Інфлянты» (1589), які праіснаваў да канца XVIII ст. Апісанні замка таго перыяду невядомыя, але, хутчэй за ўсё, ён не адрозніваўся прынцыпова ад традыцыйных збудаванняў таго часу з земляным валам, драўлянымі сценамі і вежамі. У цэнтры гэтай часткі мястэчка знаходзілася гандлёвая плошча з крамамі і свірнамі. Зяновічы валодалі гэтай часткай Глыбокага да 1668 г., калі яна перайшла да Радзівілаў, а ў ХІХ ст. — да Вітгенштэйнаў.

Паўночна-ўсходняя частка мястэчка належала роду Корсакаў і ўваходзіла ў склад Полацкага ваяводства. Там таксама мелася ў цэнтры гандлёвая плошча, ад якой ішлі шляхі на Полацк і Дзісну. Імаверна, што гэтая частка належала Корсакам ужо даўно, бо вядома, што пачынальнік гэтага роду Фёдар атрымаў ад князя Андрэя Полацкага ў 1385 г. землі каля возера Беразвеч. Корсакі валодалі гэтай часткай мястэчка да канца існавання Рэчы Паспалітай, пасля чаго яна перайшла да дзяржаўных уладанняў.

 

Глыбокае з XVII ст. да нашых дзён

Глыбокае знаходзілася ў традыцыйнам арэале ўплываў праваслаўнай царквы. У выніку ўзмацнення шматбаковых кантактаў з Заходняй Еўропай, распаўсюджання кнігадрукавання, засваення элітамі ВКЛ рэнесансна-гуманістычнай культуры ў другой палове XVI ст. сярод шляхты набыў вялікую папулярнасць пратэстантызм. У гэты час полацкі кашталян Юрый Мікалаевіч Зяновіч, якія валодаў паўднёва-заходняй часткай Глыбокага, ініцыяваў пабудову ў сваёй частцы мястэчка евангеліцка-рэфармацкага (кальвінісцкага) збору, пры якім дзейнічалі бібліятэка і школа. На пачатку XVIІ ст. ягоны ўнук полацкі кашталян Мікалай Багуслаў Зяновіч, які пад уплывам Контррэфармацыі перайшоў у каталіцызм, садзейнічаў пабудове на месцы ранейшага збору каталіцкага касцёла св. Міхаіла, які праіснаваў да 1650 г.

У першай палове XVIІ ст. адбываецца ўзвышэнне ў ролі рэгіянальнага культурнага цэнтру паўночна-ўсходняй частцы Глыбокага, дзякуючы дзейнасці яе ўладальніка мсціслаўскага ваяводы Іосіфа Корсака (каля 1570 — 1643). У сваіх уладаннях ён фундаваў тры культавыя аб’екты: касцёл і кляштар ордэна кармелітаў босых у 1636-1640 гг., Троіцкі рыма-каталіцкі парафіяльны касцёл у 1628 г. і кляштар грэка-каталіцкага ордэна базыльянаў у суседнім мястэчку Беразвечча, якое зараз з’яўляецца часткай Глыбокага, у 1643 г.

 

Касцёл Успення Маці Божай

Глыбоцкі касцёл Успення Маці Божай ордэна кармелітаў быў пабудаваны з цэглы ў 1639-1654 гг. паводле фундацыі Іосіфа Корсака, які пахаваны ў крыпце. Гэты час адзначаны актыўным пашырэннем ордэна кармелітаў на тэрыторыі ВКЛ, заснаваннем новых касцёлаў. Кляштары гэтага ордэна ўзніклі, акрамя Глыбокага, у Гародні, Мядзелі і Гудагаі. Касцёл быў пабудаваны ў стылі сармацкага барока. Да гэтага часу захаваліся разныя з пазалотай дзверы XVIІ ст. Да касцёла прылягаў трохпавярховы прамавугольны ў плане будынак кляштара з унутраным дваром (да нашага часу захавалася ўсходняе крыло). У 1735 г. касцёл быў перабудаваны ў стылі віленскага барока пад кіраўніцтвам аднаго з найбольш запатрабаваных у той час у ВКЛ архітэктараў Іагана Крыштофа Глаўбіца.

Кляштар валодаў вялікай зямельнай маёмасцю, што дазваляла яму акумуляваць немалыя матэрыяльныя сродкі. Як і ў іншых кляштарах тут вялася адукацыйная дзейнасць. У 1803 г. у кармеліцкай школе навучаліся 84 чалавекі. Ёсць звесткі, што ў 1829 г. дзейнасць гэтай школы была рэфармаваная і ў ёй уведзеная методыка Ланкастэра (т.зв. узаемнае навучанне). Таксама пры кляштары дзейнічала вялікая бібіліятэка (2621 том на 1830 г.), шпіталь для ўтрымання бедных людзей (на 1830 г. у ім знаходзіліся 12 чалавек), музычны аркестр з 40 чалавек, аптэка.

Кляштар кармелітаў быў скасаваны ў 1862 г. А пасля паўстання 1863 г. быў зачынены і касцёл, перададзены праваслаўнай царкве. У 1878 г. пасля перабудовы ён быў асвечаны як праваслаўная Раства-Багародзіцкая царква. Будынак у стылі віленскага барока быў дапоўнены пятым купалам і набыў адпаведны праваслаўны выгляд. Галоўнай святыняй храма з 1911 г. з’яўляецца абраз Багародзіцы, дастаўлены з гары Афон у Грэцыі. Значнай мастацкай каштоўнасцю з’яўляецца абраз «Маці Божая з дзіцём» (1738), перавезены з царквы у вёсцы Сарокі.

У ХХ ст. царква выпрабавала на сабе ліхалецці, звязаныя з войнамі і зменамі ўлады. Падчас другой сусветнай вайны будынак быў часткова пашкоджаны. У сучасную эпоху, пры правядзенні добраўпарадкавання ў вялікіх падвальных памяшканнях сабора, былі знойдзены дзесяткі чарапоў і костак людзей, захаваных пад храмам пры невядомах абставінах.