Месцазнаходжанне: Першая ўзгадка Браслаўскага замка датуецца 1065 г. у эпічнай частцы “Хронікі Быхаўца», дзе апісваецца напад міфічных літоўскіх князеў Кернуса і Гімбута на рускі горад Браслаў. Археалогія пацвярдждае заснаванне горада на Замкавай гары палачанамі. Гэта натуральнае ўзвышша паміж азёрамі Дрывяты і Навята. Тут жа паміж вазерамі размяшчаўся пасад.
Назва горада хутчэй за ўсе паходзіць ад латыскага brasla — брод, альбо, паводле падання, ад імя полацкага князя Брачыслава. Побач, у сучасных Маскавічах, да XII ст. праіснавала калонія варагаў. Браслаў меў мяшнае славяна-латгальскае насельніцтва і быў заходнім фарпостам Полацкага княства на мяжы балцкімі плямёнамі: з аўкштайтамі, селамі і латгаламі, а пазней з Лівонскім ордэнам. З Браслаўскіх вазераў выцякае Друйка, якая ўпадае ў Дзвіну. Па ей усё Сярэднявечча ішоў бадзеры гандль з усходу і Русі да Вільні і Караляўца (Кенігсберг, суч. Калінінград). Ф.Скарына цалкам мог ехаць праз Браслаў па дарозе да Вільні і Каралеўца і назад.
Браслаў у часы Скарыны
У Вялікім Княстве Літоўскім Браслаў стаў вялікакняскім ўладаннем. Гедымін завяшчаўяго свайму сыну Яўнуту. Пазней, ужо ў часы элекцыйных каралеў, яго трымальнікамі былі Скумін-Тышкевічы, Сапегі, Масальскія. Горад быў важнай крэпасцю пад час час унутранай вайны Свідрыгайлы з Жыгімонтам Кейстутавічам, у Браславе адбываліся злучэнні войска Вялікага княства Рускага з саюзнымі лівонскімі крыжакамі (1434) і татарамі (1435).
8 кастрычніка 1500 г. вялікі князь Аляксандр у час знаходжання ў Браславе даў гораду прывілей на магдэбургскае права (няпоўнае), які некалькі разоў пацвярджаўся. З 1506 г., пасля смерці вялікага князя Аляксандра Ягелончыка, горад належаў яго жонцы Алене, якая пасялілася ў Браславе. Алена заснавала на Замкавай гары жаночы праваслаўны манастыр, дзе памерла ў 1513 г. 3 1500 г. вядомы Браслаўскі мужчынскі манастыр на востраве воз. Неспіш (спачатку праваслаўны, пазней уніяцкі). У 1517 г. праз Браслаў праязджаў дыпламат і падарожнік С. Герберштэйн, які адзначыў размяшчэнне горада каля вялізнага возера. На карце Полацкай зямлі 1579 года С. Пахалавіцкага Браслаў паказаны як паселішча на востраве.
Па інвентары 1554 года, у горадзе было 5 вуліц, 110 дамоў, з іх 65 дамоў знаходзілася на вуліцы Вялікай (цяпер Ленінская). Налічвалася каля тысячы жыхароў, якія займаліся пераважна земляробствам і рыбалоўствам, гандлем і рамёствамі. Брыгада дойлідаў з Браслава ўдзельнічала ў срубцы сценаў і вежаў полацкага замка пры полацкім ваяводзе Яне Глябовічы ў 1530-х гг. На гэтай жа вуліцы размяшчаліся царква, касцёл, бальніца, сядзіба князёў Масальскіх. Існавалі таксама кляштар і аж 40 шынкоў.
Браслаўскі замак
Браслаўскі замак упершыню згадваецца ў 1514 годзе. Знешні выгляд замка у тыя часы ў нейкай ступені перадае малюнак з мапы Т. Макоўскага 1613 года. Інвентар Браслава 1649 г. ўтрымоўвае падрабязнае апісанне замка: 7 вежаў, брама з падвойнымі варотамі, вежа над брамай з 2 байніцамі-машыкулямі, шэраг гаспадарчых будынкаў на дзядзінцы — пякарня, стайня, турма, кухня, свірны і іншыя. У горадзе ў гэты час налічвалася 120 дамоў.
З 1566 Браслаў — цэнтр павета ў Віленскім ваяводстве. Павятовыя соймікі збіраліся на Замкавай гары, тут жа, згодна з пастановай сейма 1590, быў дом для пасяджэнняў суда і захоўваўся архіў. Гербом Браслава ў часы ВКЛ была Пагоня, а маючы масонскае паходжанне сімвал «Вока прадбачання» — выява чалавечага вока ў трохвугольніку на фоне сонечных промняў, горад атрымаў 2 чэрвеня 1792 г. у адпаведнасці з прывілеем караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага.