Месцазнаходжанне: На рагу вуліц Вялікай і Шкляной блізу Ратушнай плошчы (па адрасе
Шкляная, 2 / Вялікая, 19).

Лічыцца, што на гэтым месцы да пажару 1530 года была друкарня Ф. Скарыны. Дапамагаў Францыску ў арганізацыі друкарні Якуб Бабіч, бургамістар Вільні.

Двухпавярховы будынак, што захаваўся да нашага часу, быў пабудаваны на гэтым месцы напрыканцы XVI ці на пачатку XVII стагоддзя і належаў віленскаму войту. Зараз у будынку месцяцца два рэстараны «Майстэрня» і «Боская карчма». Будынак захаваў элементы архітэктуры Рэнесанаса. Ва унутраным дворыку знаходзіцца цікавая галерэя з аркадаю. На будынку дома пад нумарам 19А па вуліцы Вялікай месціцца памятная шыльда друкарні Францыска Скарыны.

У замкнёным панадворку суседняга дома, па адрасе Шкляная, 4 месціцца скульптура «Летапісец». Будынак датуецца XV – першаю паловаю XVII стагоддзя. Гранітная статуя вышынёю 1,1 м устаноўлена скульптарам Вацлавасам Круцінісам у 1973 годзе ў гонар віленскіх кнігадрукароў Скарыны і Мамонічаў.