Месцазнаходжанне: Помнік устаноўлены ў паўднёвай частцы аднайменнай плошчы, сфарміраванай перасячэннем праспекта Францыска Скарыны і вуліцы Гогаля.

Ідэя ўсталявання помніка Францыску Скарыну на радзіме першадрукара з’явілася яшчэ ў 1920-я гады на хвалі тагачаснага ўздыму беларускай культуры. Нагодай для таго стала святкаванне 400-годдзя з пачатку беларускага кнігадрукавання, якое адзначалася ў 1925 годзе. Адным з ідэйных кіраўнікоў свята быў беларускі гісторык і літаратуразнаўца, грамадскі і палітычны дзеяч Вацлаў Ластоўскі. Менавіта ён на старонках свайго часопіса «Крывіч», які выдаваўся ў Каўнасе, прапанаваў весці адлік беларускага кнігадрукавання ад выдання Скарынам кнігі «Апостал» ў Вільні ў 1525 годзе.

Сярод мерапрыемстваў, што праводзіліся як на мясцовым, так і на дзяржаўным узроўні, было запланавана адкрыццё мемарыяльных шыльдаў у Мінску і Полацку, а таксама помніка першадрукару ў родным горадзе. Месца для ўсталявання апошняга было абрана каля Сафійскага сабора на Верхнім замку. Адліўкай бронзавага манумента займаліся супрацоўнікі Віцебскага мастацкага тэхнікума. Урачыстае адкрыццё чакалася вясной 1926 года. Па прычыне згортвання палітыкі беларусізацыі помнік так і не з’явіўся.

Наступным разам да ідэі стварэння помніка беларускаму першадрукару вярнуліся напярэдадні святкавання 450-годдзя беларускага кнігадрукавання, што адбывалася ў 1967 годзе, і пачатак яго вялі ўжо ад першых пражскіх выданняў Скарыны. Тады ж айчынны скульптар Аляксей Глебаў стварыў мадэль бронзавага помніка менавіта для ўсталявання ў Полацку. Не гледзячы на тое, што адліць скульптуру ён не паспеў, але праца яго не згінула: вучні Глебава — Ігар Глебаў і Андрэй Заспіцкі — скончылі распачатую ім справу.
З удзелам архітэктара Вальдэмара Марокіна ў 1974 годзе велічны манумент устанавілі на плошчы на скрыжаванні праспекта Карла Маркса і вуліцы Гогаля. Першы ў БССР помнік Францыску Скарыну ўсталяваны на стылабаце 6х8 метраў. Бронзавая фігура вышынёй 5,5 метраў узвышаецца на пастаменце ў 6,5 метраў. Скарына выяўлены ў мантыі вучонага, з кнігай — сімвалам вучонасці — у руках, у задуменнай позе, у развагах над тым, што кожны сам укладае ў яго «думкі». Праз два гады за гэтую працу скульптару Аляксею Глебаву была пасмяротна прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР.

У 2007 годзе Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь помнік быў унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як гісторыка-культурная каштоўнасць нацыянальнага значэння.