Месцазнаходжанне: Будынак сабора стаіць на высокім беразе ў месцы злучэння рэк —
Заходняй Дзвіны і Палаты, па вул. Замкавай, 1.

Многія стагоддзі Сафійскі сабор з’яўляўся сімвалам незалежнасці, велічы, палітычнай, эканамічнай і культурнай значнасці Полацка сярод «гарадоў яму роўных». Нягледзячы на тое, што шматлікія войны, выбухі і перабудовы не дазволілі захаваць першапачатковы выгляд храма, Сафійскі сабор у гісторыі Беларусі лічыцца той крыніцай, з якой пачалося айчынае каменнае дойлідства (архітэктура).

Пабудаваны легендарным полацкім князем Усяславам Чарадзеем у сярэдзіне ХІ ст., Сафійскі сабор стаў месцам, дзе знаходзілася кафедра архіепіскапа, заключаліся палітычныя і гандлёвыя дамовы, захоўваўся княжацкі скарб, ствараліся полацкія летапісы і перапісваліся кнігі, зберагалася бібліятэка, а падчас вайны маглі схавацца ад ворагаў жыхары Полацка. Першая каменная пабудова на тэрыторыі сучаснай Беларусі — Сафійскі сабор паклаў пачатак не толькі каменнаму будаўніцтву, але і своеасаблівай полацкай школе архітэктуры, зрабіўшы моцны ўплыў на развіццё архітэктуры ў старажытнарускіх землях.

Да сённяшніх дзён захаваліся сведкі падзей часоў Полацкага княства: падмурак, алтарная апсіда, фрагменты старажытнай муроўкі і фрэскавага роспісу, сінтон (каменная лава для святароў) і крыжападобныя слупы, якія некалі падзялялі прастору храма на пяць нефаў. Усё гэта, а таксама прадметы, знойдзеныя падчас архітэктурна-археалагічных даследаванняў, якія праводзіліся ў саборы ў 1969-1980 гг., можна ўбачыць у экспазіцыі музея, які расказвае аб гісторыі архітэктуры старажытнага помніка.

Адной з самых цікавых знаходак з’яўляецца камень-вапняк з надрапанымі на ім у сярэдзіне ХІ ст. імёнамі: «Давыд, Тума, Микула, Копесь, Пётр, Воришко». Гэты помнік эпіграфікі быў знойдзены ў падмурку паўднёвай сцяны. Магчыма, свае аўтографы на ім пакінулі ўдзельнікі будаўніцтва храма ці назіральнікі.

У вітрынах дэманструюцца: плінфа ХІ ст. з насечкамі, літарамі, лічбамі, рознымі знакамі і сімваламі, уключаючы трызубец Руракавічаў; фрагмент шаўковага пакрывала з вышыўкай залатымі ніткамі з жаночага пахавання ХVІ ст. Сярод экспанатаў ёсць прадметы, знойдзеныя падчас раскопак Верхняга замка: залаты віты пярсцёнак ХІ ст., прывезены ў Полацк з далёкага скандынаўскага Готланда, і віслая пячатка кіеўскага князя Усевалада Яраславіча (1078-1093).

Разам з Полацкам Сафійскі сабор перажыў шмат драматычных падзей, разбурэнняў, пажараў. На рубяжы ХV—ХVІ стст. ён быў перабудаваны ў храм абарончага тыпу. З 1596 г. праваслаўная Сафія перайшла да ўніятаў і заставалася ўніяцкай да 1839 г.

На гэты перыяд прыпадае апошняя перабудова сабора, што адбылася ў 1728-1750 гг. Разбураны ў 1710 г. выбухам парахавога склада, сабор захаваў падмурак і сцены на вышыню 8 і 12 метраў, якія былі ўключаны ў склад новага будынка, узведзенага Янам Крыштафам Глаўбіцам.

Аўтарам праекта рэстаўрацыі Сафійскага сабора, распачатай у 1969 г., стаў беларускі архітэктар Валерый Рыгоравіч Слюнчанка (1945-1992 гг.). У рабоце па вяртанні помніка да паўнацэннага жыцця прымалі ўдзел беларускія і літоўскія рэстаўратары, расійскія археолагі (П.А. Рапапорт, В.А. Булкін), чэшскія майстры арганабудаўніцтва. Экспазіцыя пачала працаваць у 1987 г.

Дзякуючы ўнікальнай акустыцы ў 1983 г. у Сафійскім саборы была адкрыта зала камернай музыкі. Першай музычнай падзеяй у адрэстаўраванай Сафіі стала выкананне ансамблем «Кантабіле» твораў з так званага «Полацкага сшытка» (XVI ст.) У 1985 г. у зале сабора загучала велічная арганная музыка. Спецыяльна для полацкага храма вядомай чэшскай фірмай «Рыгер Клос» быў спраектаваны і ўсталяваны арган. Ён мае 3905 труб рознай велічыні, 48 рэрістраў, сістэму нажных педаляў і тры ручныя клавіятуры. Першым выканаўцам быў выдатны арганіст і кампазітар Алег Янчанка (1939-2002).

Вось ужо 28 гадоў запар у красавіку ў старажытным саборы праводзяцца міжнародныя фестывалі старажытнай і сучаснай камернай музыкі, а ў кастрычніку — міжнародныя фестывалі арганнай музыкі «Званы Сафіі». Знамянальна, што менавіта ў Полацку на адкрыцці ІІІ арганнага фестывалю ў кастрычніку 1998 г. прагучала прэм’ера сімфоніі № 4 А. Янчанкі «Слова аб палку Ігаравым» у выкананні Дзяржаўнага сімфанічнага аркестра, Беларускай дзяржаўнай харавой капэлы імя Р. Шырмы і вакальнага ансамбля «Камерата».

Зноў, як дзевяцьсот шэсцьдзесят гадоў таму, святло, колер, музыка, скульптура і архітэктура арганічна зліліся і ўтварылі дзіўны па сіле эмацыянальнага ўздзеяння мастацкі вобраз.

Канцэртная зала з яе ўнікальнай акустыкай натуральна спалучаецца ў помніку з музейнай экспазіцыяй, дзе галоўнымі дзеючымі асобамі сталі музеефікаваныя рэшткі сабора сярэдзіны ХІ ст.

Новая функцыя сабора не толькі не сказіла першапачатковае аблічча храма, але выявіла ў ім галоўнае, тое, што не падуладна часу, — высокае майстэрства яго творцаў.