Месцазнаходжанне: Будынак музея знаходзіцца на беразе р. Заходняя Дзвіна па вул. Ніжне-Пакроўскай, 22, побач з Богаяўленскім саборам.

У 1990 годзе на самай старажытнай згодна з пісьмовымі крыніцамі вуліцы Полацка, па якой некалі хадзіў сам Францыск Скарына, быў адкрыты Музей беларускага кнігадрукавання. Яго з’яўленню папярэднічала вялікая праца. У 1981 годзе Акадэмія навук БССР распрацавала комплексную праграму «Францыск Скарына — вялікі беларускі асветнік-гуманіст, выдатны дзеяч славянскай культуры». Зацверджаная Урадам БССР, яна мела на мэце падрыхтоўку да святкавання 500-гадовага юбілею з дня нараджэння Скарыны.

Афіцыйнае рашэнне аб стварэнні ў Полацку Музея беларускага кнігадрукавання было прынята Міністэрствам культуры БССР у 1987 годзе. Распрацоўкай навуковай канцэпцыі экспазіцыі займалася група супрацоўнікаў тады яшчэ Полацкага гісторыка-культурнага запаведніка пад кіраўніцтвам Галіны Ладзісавай; над яе мастацкім рашэннем працавалі мастакі Сяргей Дзмітрыеў і Ігар Куржалаў. 8 верасня 1990 года адбылося ўрачыстае адкрыццё музея з удзелам мяркуемага нашчадка беларускага першадрукара Стэнлі Скарыны, які прыехаў з Канады.

Для размяшчэння экспазіцыі быў абраны помнік архітэктуры канца XVIII стагоддзя — былы келейны корпус Богаяўленскага праваслаўнага мужчынскага манастыра, пабудаваны, верагодна, па праекце італьянскага архітэктара Джакома Кварэнгі. У 1986 годзе пачалося архітэктурна-археалагічнае даследаванне помніка пад кіраўніцтвам кандыдата гістарычных навук Генадзя Сагановіча.

Адзіны ў Беларусі і адзін з нешматлікіх на постсавецкай прасторы музеяў кнігадрукавання прысвечаны не проста стварэнню друкаванай кнігі, а ўсёй гісторыі беларускай кнігі ў кантэксце сусветнага развіцця пісьменства і кніжных традыцый. Музей збірае і захоўвае для нашчадкаў помнікі пісьменства (не толькі рукапісы і старадрукі, але і сучасныя выданні), працягваючы традыцыі славутых полацкіх асветнікаў. Нездарма з іх партрэтаў, сярод якіх ёсць і выява Францыска Скарыны, работы беларускага мастака Леаніда Хобатава пачынаецца экспазіцыя музея.

Усяго экспазіцыя займае 15 залаў: на плошчы амаль 700 метраў квадратных размешчана без малага 1500 экспанатаў, прызваных выклікаць гонар за беларускую кнігу і яе стваральнікаў. Тым больш, што гісторыя беларускай друкаванай кнігі пачалася ад сына «слаўнага града Полацка» Францыска Скарыны, якому прысвечана асобная зала музея. Ды і сам музей уяўляецца як грунтоўная Скарыніяна — збор даследаванняў і твораў мастацтва, у якіх увасоблены вобраз першадрукара.

Музей працуе ўжо 30 год, і за гэты час супрацоўнікамі сабраны багатыя калекцыі выданняў розных часоў. Наведвальніка ўражваюць старадрукаваныя і рукапісныя кнігі, такія як «Мінея агульная» (1628), «Фландрыя скораная» (Амстэрдам=Кёльн, 1644), «Устаў (Вока царкоўнае)» (Масква, 1641), «Статут Вялікага Княства Літоўскага» (Вільня, 1693), «Гадавы рымскі цырыманіял» (Полацк, 1717), Л. Зізаній «Катэхізіс» (Гродна, 1788) і іншыя, а таксама рукапісная кніга на пергамене — «Тора», якая датуецца канцом ХVІІІ — пачаткам ХІХ стагоддзя. Найкаштоўнейшымі экспанатамі з’яўляюцца ўключаныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь «Распевы» (1789); «Евангелле вучыцельнае» (Вільня: друкарня Мамонічаў, 1595); Дж. Фалеці «12 прамоў» (Венецыя: выдавецкі дом Альдаў, 1558). Як лічыцца, менавіта ў Альда Мануцыя ў Венецыі Францыск Скарына пераймаў майстэрства друкавання кніг.

Адчуць атмасферу, уявіць працэс стварэння старадрукаванай кнігі, дапаможа рэканструяваны інтэр’ер друкарні XVI—XVII стагоддзяў з фігурамі наборшчыка і друкара.

Штогод Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь перадае музею калекцыю кніг-лаўрэатаў Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі». Рэгулярна апошняя калекцыя кніг, сярод якіх самыя новыя выданні, прысвечаныя Францыску Скарыну, змяняе папярэднюю ў пастаяннай экспазіцыі музея.