Канцэпцыя Еўрапейскага культурнага шляху Францыска Скарыны была распрацавана ў межах праекта «Культурны шлях Францыска Скарыны» (частка Полацк – Вільнюс), падрыхтаванага і рэалізаванага групай спецыялістаў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, Гімназіі імя Ф. Скарыны (Вільнюс, Літва), Полацкага дзяржаўнага універсітэта і Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка (Полацк, Беларусь) пры фінансавай падтрымцы Міністэрства замежных спраў Літоўскай Рэспублікі ў межах Праграмы развіцця супрацоўніцтва і падтрымкі дэмакратыі. Рэалізацыя праекта разглядаецца як пачатковы этап інтэграцыі дзеянняў, накіраваных на захаванне і прасоўванне спадчыны, звязанай з асобай Ф. Скарыны, на аснове мадэлі культурнага шляху Савета Еўропы, якая забяспечвае супрацоўніцтва і сінергію шырокага кола зацікаўленых суб’ектаў розных краін.
Eўрапейскай і сусветнай грамадскасці пакуль не ў поўнай меры прадстаўлены агульная гісторыя і спадчына народаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, імкненне да асветы і сцвярджэння агульначалавечых каштоўнасцей у эпоху Рэнесансу. Тым не менш, актуалізацыя матэрыяльнай і нематэрыяльнай спадчыны і прадстаўленне яе як агульнага дасягнення народаў Еўропы адкрывае шырокія магчымасці для супрацоўніцтва і развіцця. У гэтай сувязі зварот да асобы Францыска Скарыны, ураджэнца Полацка, грамадзяніна Вялікага княства Літоўскага, выдатнага еўрапейскага асветніка, адкрывае унікальную магчымасць прасачыць культурныя сувязі, працэсы абмену ведамі, ідэямі і тэхналогіямі па важных тэматычных напрамках у межах шырокай геаграфічнай прасторы ў канцы XV — першай палове XVI стст. — гістарычным перыядзе, які характарызуецца надзвычай важнымі падзеямі і дасягненнямі ў еўрапейскай культуры.
Круглыя даты важных падзей еўрапейскай гісторыі і культуры прыцягваюць дадатковую ўвагу да найвышэйшых дасягненняў Рэнесансу. У 2017 годзе еўрапейская грамадскасць адзначыла 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. Першую кнігу на беларускай мове Францыск Скарына надрукаваў у Празе 6 жніўня 1517 г. У 2022 годзе будзе адзначацца 500 гадоў з пачатку кнігадрукавання ў Вялікім княстве Літоўскім. Друкарня, заснаваная Францыскам Скарынам у Вільні, стала важнай вяхой на яго жыццёвым шляху і шляху праз кантынент: з Полацка праз Вільню ў Падую і назад у Вільню. Фарміраванне еўрапейскага культурнага шляху найлепшым чынам забяспечвае пазнанне, інтэрпрэтацыю і раскрыццё шырокай грамадскасці дасягненняў матэрыяльнай і нематэрыяльнай культуры эпохі Рэнесансу, якія захоўваюцца ў культурных ландшафтах Еўрапейскага кантынента, шляхам звароту да жыцця і дасягненняў вялікай гістарычнай асобы.
Канцэпцыя звяртаецца да спадчыны Францыска Скарыны, якая прадстаўлена дасягненнямі ў галіне асветы, навукі і культуры, у прыватнасці, кнігадрукавання, медыцыны, батанікі, філасофіі, тэалогіі і дыпламатыі, усёй сукупнасці матэрыяльных артэфактаў і нематэрыяльных праяўленняў і ўплываў яго дзейнасці як сведчанняў руху еўрапейскіх народаў да асветы ў эпоху Рэнесансу. Акрамя таго, гэта канцэпцыя таксама звернута да артэфактаў матэрыяльнай і з’яў духоўнай культуры, што аказалі прамы ўплыў на станаўленне асобы Францыска Скарыны, яго жыццё і дзейнасць, а таксама сталі працягам або паўсталі пад непасрэдным уплывам яго дзейнасці, дасягненняў і ідэй. Пры гэтым асаблівая ўвага засяроджана на шляхах, што звязвалі цэнтры культуры і асветы ў эпоху Рэнесансу ды забяспечвалі культурны абмен паміж народамі і якія прадстаўлены ў структуры культурных ландшафтаў Еўропы, сфарміраваных натуральнымі прыроднымі працэсамі і дзейнасцю людзей. Прапанаваны падыход да вызначэння аб’екта культурнага шляху дазваляе па-новаму зірнуць на культурныя ландшафты Еўропы і ўнесці ўклад у пераасэнсаванне працэсаў іх развіцця і магчымасцяў рэпрэзентацыі.
Уяўляючы сабой неад’емную частку еўрапейскай культуры, дзейнасць Францыска Скарыны пераадольвае нацыянальныя межы. Геаграфія яго падарожжаў пакуль недастаткова вывучана. Нароўні з вядомымі цэнтрамі, такімі як Полацк (Беларусь), Вільнюс (Літва), Рыга (Латвія), Кракаў і Познань (Польшча), Венецыя і Падуя (Італія), Вена (Аўстрыя) і Кёнігсберг (цяпер Калінінград, Расія), у працэсе фарміравання і функцыянавання Еўрапейскага культурнага шляху могуць далучыцца іншыя гарады, у прыватнасці, Капенгаген (Данія), Вітэнберг (Германія), Масква (Расія), а таксама населеныя месцы і мясцовасці ўздоўж гістарычных дарог, якія злучалі культурныя цэнтры ў эпоху Рэнесансу.
Канцэпцыя не абмяжоўваецца зваротам да артэфактаў, падзей, ідэй, нематэрыяльных праяў і ўплываў дзейнасці Францыска Скарыны, якія могуць быць непасрэдна аднесены да перыяду яго жыцця. У цяперашні час дакладныя даты нараджэння і смерці Ф. Скарыны невядомы. Па розных гіпотэзах меркаваная дата яго нараджэння знаходзіцца ў інтэрвале паміж 1470 і 1490 гадамі. Таксама мяркуецца, што памёр ён не пазней студзеня 1552 года. У адпаведнасці з вызначэннем аб’екта канцэпцыі, фарміраванне і функцыянаванне культурнага шляху патрабуе ўвагі да ўсіх прастораў, артэфактаў, з’яў і падзей, асацыяваных з асобай Ф. Скарыны, яго дзейнасцю і падарожжамі, незалежна ад часу і паходжання, існавання або праявы, уключаючы і сучаснасць. Акрамя таго, важна адзначыць, што фарміраванне і функцыянаванне культурнага шляху арыентавана ў будучыню, каб адказваць запытам будучых пакаленняў, заставацца адкрытым да новых ведаў, падзей і ініцыятыў.
Культурны шлях Францыска Скарыны — гэта ўнікальная нагода па-новаму зірнуць на культурныя ландшафты Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, якія ўяўляюць сабой бясцэнны вынік сутворчасці чалавека і прыроды і нясуць у сабе сляды розных гістарычных эпох і падзей. Яны пранізаны не толькі шматлікімі прасторавымі сувязямі паміж захапляльнымі мясцовасцямі і аб’ектамі, але і часавымі сувязямі скрозь усе гістарычныя эпохі развіцця народаў Еўропы і нават геалагічныя перыяды фарміравання кантынента. Культурны шлях злучае сляды і вялікай гістарычнай эпохі — Рэнесансу, і сляды перыяду жыцця выдатнага прадстаўніка гэтай эпохі ў сучасных пейзажах паселішчаў і прастораў, у прыродных славутасцях, у захаваных рукатворных нерухомых і рухомых, даступных для азнаямлення, аб’ектах.
Культурны шлях Францыска Скарыны — гэта сукупнасць з’яў нематэрыяльнай культуры мінулага, якія звязаны з асобай Ф. Скарыны і яго эпохай. Акрамя таго, гэта таксама сукупнасць з’яў нематэрыяльнай культуры нашых дзён і будучыні. Культурны шлях разглядаецца як сродак адраджэння страчаных з’яў, падтрымання ўстойлівасці захаваных і стымулявання новых з’яў нематэрыяльнай культуры, якія ўяўляюць цікавасць і каштоўнасць для шырокіх колаў грамадскасці.
Культурны шлях Францыска Скарыны — гэта магчымасць усталяваць новыя і падтрымаць існуючыя прафесійныя і міжасобасныя сувязі з калегамі і аднадумцамі ў розных краінах, наладзіць абмен інфармацыяй і ідэямі па розных тэматычных напрамках. Гэта структура, у якой прадстаўлены ўсе суб’екты, прама ці ўскосна зацікаўленыя ў вывучэнні, захаванні, развіцці, прасоўванні і ўстойлівым выкарыстанні спадчыны, звязанай з асобай Францыска Скарыны і яго эпохай: цэнтральныя і мясцовыя органы ўлады, навукова-даследчыя цэнтры, музеі, навучальныя ўстановы, бібліятэкі, суб’екты бізнесу, грамадскія аб’яднанні, рэлігійныя абшчыны, нефармальныя сацыяльныя групы, асобных экспертаў і энтузіястаў і інш. Такая сетка павінна прадугледжваць як фармальны, так і нефармальны ўдзел і ўзаемадзеянне зацікаўленых.
Культурны шлях — гэта магчымасць супрацоўніцтва, аб’яднання і мультыплікацыі намаганняў і рэсурсаў, генерыравання ідэй і стымулявання сумесных ініцыятыў. Супрацоўніцтва мяркуецца выбудоўваць як па тэматычных напрамках, вызначаных у адпаведнасці з асаблівасцямі спадчыны Ф. Скарыны і яго эпохі, так і па відах сацыяльна-эканамічнай дзейнасці, якая непасрэдна арыентавана на захаванне, прасоўванне і выкарыстанне такой спадчыны або звяртаецца да такой спадчыны апасродкавана. Далёка не вычарпальны спіс тэматычных напрамкаў супрацоўніцтва ўключае:
- асвета, адукацыя, распаўсюджванне і абмен ведамі
- кнігадрукаванне, развіццё і трансфер тэхналогій
- выяўленчае, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і дызайн
- вандроўкі і міжкультурныя камунікацыі
- медыцына
- батаніка, сістэматыка раслін, садова-паркавае мастацтва
- філасофія, тэалогія, дыпламатыя
У далёка не вычарпальны спіс сектароў унутры- і міжсектарнага ўзаемадзеяння ў рамках культурнага шляху ўваходзяць:
- навуковыя даследаванні і развіццё, у тым ліку адукацыя
- культура, прыродная і культурная спадчына (матэрыяльная і нематэрыяльная)
- сацыяльнае развіццё, стымуляванне сацыяльных ініцыятыў
- эканамічнае развіццё, індустрыі турызму, культуры і творчасці.
Развіццё супрацоўніцтва ў межах культурнага шляху прадугледжвае ўзаемадзеянне як у асобных тэматычных напрамках і відах сацыяльна-эканамічнай дзейнасці, так і паміж імі.
Культурны шлях Францыска Скарыны — гэта адкрытая інфармацыйная сістэма, якая пастаянна абнаўляецца і развіваецца, уключае адпаведную навуковую, пазнавальную, займальную, вучэбную, камерцыйную i iншую iнфармацыю, у тым ліку:
- пра эпоху і асобу Францыска Скарыны
- пра адпаведную матэрыяльную культурную і прыродную спадчыну, размешчаную на маршрутах яго падарожжаў або па-за імі
- пра навукова-даследчыя праекты і вынікі навуковых даследаванняў
- пра культурныя і грамадскія ініцыятывы і мерапрыемствы
- пра прадукты і паслугі сферы арганізацыі вольнага часу, турызму і індустрыі культуры і творчасці
- пра навучальныя і адукацыйныя магчымасці
Еўрапейскі культурны шлях Францыска Скарыны, які прадстаўляе сукупнасць аб’ектаў матэрыяльнай і нематэрыяльнай культурнай спадчыны, прыродных славутасцяў, сетку зацікаўленых удзельнікаў, платформу для супрацоўніцтва і актуальную інфармацыю, якая пастаянна абнаўляецца, павінен стаць рэсурсам для развіцця навукі, адукацыі, індустрыі вольнага часу, турызму, культуры і творчасці, розных сацыяльных і бізнес-ініцыятыў.
Сапраўдная канцэпцыя застаецца адкрытай для дапаўненняў, удакладненняў і канкрэтызацыі ў працэсе работ па планаванні і стварэнні Еўрапейскага культурнага шляху Францыска Скарыны і з улікам інтарэсаў, ведаў і ідэй зацікаўленых і новых удзельнікаў.