У канцы чэрвеня на этапе Вільня–Кракаў завяршылася другая экспедыцыя ў складзе прафесара Аляксандра Калбаскі, выкладчыка Сяргея Харэўскага і даследчыка Аляксея Ластоўскага ў межах праекта «Культурны шлях Францыска Скарыны».
Гэтым незвычайным маршрутам Кракаў–Люблін–Вільня Скарына ўпершыню праехаў узімку 1504 года. Пасля Кракава, дзе першадрукар вучыўся ў славутым універсітэце і атрымаў ступень бакалаўра вольных мастацтваў у 1506 годзе, даследчыкі накіраваліся ў горад Познань, які быў таксама звязаны з лёсам выдатнага беларускага гуманіста-асветніка.
На шляху ўдзельнікі экспедыцыі займаліся маніторынгам культурных і натуральных ландшафтаў, звязаных са шляхам Скарыны ад Вільні да Полацка, даследавалі аб’екты гісторыка-культурнай спадчыны Скарынавай эпохай (канца XV– пач. XVI ст.ст.), наведвалі музеі, бібліятэкі, універсітэты.
Акрамя таго, падчас навуковага падарожжа ладзіліся сустрэчы з вядомымі знаўцамі эпохі першадрукара – доктарам Аляксандрам Навумавым, прафесарам Венецыянскага і Ягелонскага ўніверсітэтаў, доктарам Сяргеем Кавалёвым, прафесарам Люблінскага ўніверсітэту, доктарам Юрыям Гардзеевым, ад’юнктам Інстытута Ўсходняй Еўропы Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве ды іншымі даследчыкамі гісторыі і культуры Беларусі, Літвы і Польшчы.
Гэты гасцінец – Кракаў–Люблін–Вільня – не толькі шмат разоў з’яўляўся сведкам каралеўскіх працэсій, але таксама стаў галоўным гандлёвым шляхам, па якім часта праязджалі купцы і рамеснікі, чыноўнікі і дыпламаты, рыцары і святары, навукоўцы і лекары, дойліды і мастакі. А калі ў 1569 г. на сойме ў Любліне была ўтвораная Рэч Паспалітая, дарога з Вільні, праз Люблін да Кракава, стала найважнейшым шляхам агульнай дзяржавы. Яе значэнне пачало пакрысе змяншацца толькі пасля пераносу рэзідэнцыі ў Варшаву ў 1611 годзе Жыгімонтам III Вазам.
Ягелонскі шлях дзейнічаў як сапраўдны еўрапейскі культурны шлях і паспрыяў абмену ідэямі і дасягненнямі паміж Захадам (лацінскай цывілізацыяй) і Усходам (візантыйскай цывілізацыяй), а таксама адыграў важную ролю ў працэсе інтэграцыі Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага.