Апошнія навіны з экспедыцыі даследчыкаў і выкладчыкаў ЕГУ Аляксандра Калбаскі, Сяргея Харэўскага і Аляксея Ластоўскага на шляху Кракаў-Прага ў межах праекта «Культурны шлях Францішка Скарыны».
Сваё падарожжа ўдзельнікі распачалі з галоўнага будынку Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве Collegium Novum, дзе зараз знаходзіцца рэктарат. На другім паверсе сярод іншых памятных знакаў славутых выпускнікоў Ягелонскага ўніверсітэта ўмацаваная мемарыяльная табліца, прысвечаная Францыску Скарыне. Таксама нашыя выкладчыкі завіталі ў Палац кракаўскага біскупа Эразма Цёлка, дзе цяпер месціцца філіял Нацыянальнага музея ў Кракаве.
Варта адзначыць, што палац быў пабудаваны ў 1505 годзе падчас навучання Скарыны ў Ягелонскім універсітэце. Біскуп Эразм Цёлка і беларускі першадрукар мусілі ведаць адзін аднаго, бо Цёлак быў не толькі віленскім канонікам, але і асабістым сакратаром вялікага князя Аляксандра Ягелончыка. Самым вядомым мастаком той эпохі тут быў Віт Ствош, які таксама незадоўга перад прыездам Скарыны скончыў свой славуты разны алтар Марыяцкага сабора. У палацы Эразма Цёлка захоўваюцца і творы мастака.
Экспедытары таксама наведалі рэзідэнцыю каралёў Польшчы – замак Вавель – завіталі ў Скарбніцу і Збраёўню; пазнаёміліся з рэдакцыяй беларускага выдавецтва ў Кракаве «Гутэнберг» і атрымалі ад яе копіі гравюраў Скарыны, вырабленыя па старадаўніх тэхналогіях.