Навіны

З 17 па 25 чэрвеня даследчыкі ЕГУ выправяцца ў трэцюю экспедыцыю ад Кракава да Прагі ў межах праекта «Культурны Шлях Францішка Скарыны», які пачаў ладзіцца тры гады таму. Раней ў межах гэтага праекта былі ўжо здзейсненыя экспедыцыі Полацк-Вільня, Вільня-Кракаў.

У склад сёлетняй экспедыцыі ўваходзяць сябры Беларускага камітэту ІСОМ:  гісторык, музеязнаўца Аляксандар Калбаска, сацыёлаг Аляксей Ластоўскі, а таксама мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі. Даследчыкі завітаюць у Прагу і ўшануюць месца, на якім знаходзілася друкарня Францыска Скарыны і дзе сёлета быў ўсталяваны памятны знак, Каралеўскія сады, паркі і іншыя месцы, звязаныя з біяграфіяй першадрукара.

Падставай для распрацоўкі праекта з’яўляюцца натурныя даследаванні гістарычных ландшафтаў, гісторыка-культурных каштоўнасцяў і артэфактаў. Галоўныя задачы даследчыкаў – наведаць музеі, бібліятэкі, універсітэты, сустрэцца з вядомымі і аўтарытэтнымі знаўцамі спадчыны Скарыны і ягонае эпохі, а таксама падзяліцца з калегамі з Польшчы і Чэхіі пра даследчыя навуковыя праекты ЕГУ

Вынікі трох гадоў працы над праектам «Культурны шлях Францішка Скарыны» будуць прэзентаваныя ў кастрычніку на навуковай канфэрэнцыі ЕГУ, прысвечанай асобе Францыска Скарыны.