20 кастрычніка 2022 г. для першакурснікаў ЕГУ студэнты 4 курса Антаніна Камельчык (бакалаўрская праграма «Еўрапейская спадчына») і Раман Ганковіч (бакалаўрская праграма «Візуальны дызайн») арганізавалі экскурсію ў бібліятэку Віленскага ўніверсітэта.
Экскурсію правяла Вераніка Гірынінкайтэ (Veronika Girininkaitė), бібліятэкар з аддзела рукапісаў, з якой студэнты апошняга курса пазнаёміліся падчас летняй школы, прысвечанай спадчыне Францыска Скарыны ў Празе. Вераніка прысвяціла першую частку эскурсіі часовай экспазіцыі артэфактаў, якія раскрывалі пяцісотгадовую гісторыю кнігадрукавання ў Літве. Яна пачалася з Малой падарожнай кніжыцы, надрукаванай Францыскам Скарынай – першадрукаром, доктарам і каралеўскім садоўнікам, а таксама гуманістам і нашым земляком з Полацка.
Экспанаты на выставе, уключаючы Скарынаўскі Апостал 1525 года, даюць магчымасць прасачыць развіццё кнігадрукавання ў Літве з XVI па канец XVIII стагоддзя. Выстава размешчана ў Зале Францішка Смуглевіча і даступная для наведвання студэнтам да 21 лістапада 2022 года.
Агляд працягнуўся па разнастайных залах бібліятэкі і частках ансамбля Віленскага ўніверсітэта. Маршрут пачаўся з белай залы і Астранамічнай вежы, праз зялёныя дворыкі і іншыя, звычайна недаступныя для наведвання памяшканні, і завяршыўся ў велізарным барочным Касцёле Святых Янаў.
Студэнты пазнаёміліся з бібліятэкай аднаго з найстарэйшых у Еўропе ўніверсітэтаў, убачылі сапраўдныя старадрукі, а таксама адкрылі для сябе важную лакацыю ў топасе першага курса:
«…Рома праўда трохі адставаў ад нас, таму што спрабаваў захаваць добрыя кадры, але за гэта яму таксама асобны дзякуй, ён цягнуў час, за які можна было задаваць пытанні экскурсаводу і разглядаць неверагодныя Фрэскі. Тоня вельмі прыемная) увогуле галоўнае не месца, а кампанія! А кампанія была супер.. яшчэ і даведаліся шмат усяго крутога!..»
Паліна Мятліцкая, 1 курс, бакалаўрская праграма «Еўрапейская спадчына»
«…Мяне асабліва ўразіла секцыя з астранамічнымі прыборамі і глобусамі, зробленымі ўручную. Ды і сам універсітэт мяне ўразіў. Інтэр’ер і экстэр’ер вельмі багатыя ўпрыгожваннямі, нейкімі невялікімі дэталямі або, наадварот, кідаецца ў вочы буйной ляпнінай. Мне таксама спадабаліся фрэскі ў залах і тое, як яны спалучаюцца з інтэр’ерам…»
Аляксандра Бярэзіна, 1 курс, бакалаўрская праграма «Еўрапейская спадчына»
«… Таксама мы наведалі Касцёл Святых Янаў. Я люблю барока, таму наведванне гэтага месца мела для мяне асаблівае значэнне. Звонку будынак вырабляе ашаламляльны эфект. Асабліва тое, як гатычныя рысы ў ім пераклікаюцца з барочнымі ўпрыгожваннямі. Унутры сабор не менш прыгожы…»
Матэрыял падрыхтавалі: Раман Ганковіч, Антаніна Камельчык; Фота: Раман Ганковіч.