Пасля смерці старэйшага брата Івана ў 1529 г. на Францыска наваліліся беды. Крэдыторы брата, купцы, абвінавацілі Скарыну ў тым, што ён, прысвоіўшы маёмасць Івана, уцёк з Вільнюса і не хоча вяртаць даўгі. На падставе іх скаргі, загадам караля Жыгімонта Старога, 5 ІІ 1532 Францыск быў арыштаваны і з красавіка знаходзіўся ў Познаньскай турме. Судовы працэс цягнуўся да ХІ 1532 і закончыўся поўным апраўданнем. Акрамя таго, Жыгімонт Стары граматай ад 25 ХІ 1532 узяў яго пад сваю асабістую апеку і дараваў некаторыя прывілеі, сярод якіх права жыць “у тым горадзе і ў тым месцы, якое сам выбярэ”.
Доўга карыстацца каралеўскай міласцю Скарыну было не суджана, таму што для далейшага жыцця ён абраў Чэшскае Каралеўства. Чым ён займаўся ў 1533–1534 гг., дакладна невядома. Першы вядомы след датуецца 1535 г. У той год у канцы мая – пачатку чэрвеня Скарына з Вены прыбыў у Прагу, маючы на руках указ, выдадзены 22 V 1535 чэшскім каралём Фердынандам І, з прызначэннем на пасаду. Адрасат указа, суперінтэндант каралеўскага двара Фларыян Грыспек (Florian Gryspek z Gryspachu, *1509–†1588), абавязаны быў паклапаціцца пра яго – новага каралеўскага садоўніка.
Каралеўскі сад быў закладзены там, дзе ў XIV–XV стст. раслі вінаграднікі, які належылі жыхарам Малога града Прагі, канонікам кафедральнай капітулы св. Віта і кляштару св. Георгія. 4 VIII 1534 Грыспеку было даручана купіць неабходныя для сада ўчасткі, а 13 XI 1534 была заключана дамова з італьянскімі будаўнікамі. Да іх прыезду на месцы вяліся разнастайныя падрыхтоўчыя работы (вырубка вінаграднікаў, аб’яднанне ўчасткаў, выраўніванне зямлі, прывоз будаўнічых матэрыялаў), таксама рыхтаваўся праект сада. За апошняе быў адказны Скарына. Спачатку ён старанна даследаваў месца, г.зн. частку Прагі in monte dicto Bruska (на гары, якая называлася Бруска), а пасля падрыхтаваў праект. Яго павінен быў адобрыць кароль. Гэта здарылася да 1 V 1535 , таму што ў той дзень Фердынанд І выслаў у Прагу два чарцяжы сада. Праз месяц у Прагу адправілі і самога аўтара праекта – прызначанага на пасаду садоўніка Францыска.
З лета 1535 г. пачалася будоўля, і работы па закладцы сада добра зацягнуліся. Усё ж такі праз некалькі год з’явіліся пэўныя вынікі, і пра каралеўскі сад пачалі станоўча адзывацца нават у тагачаснай чэшскай літаратуры. Аднак якраз тады з’явілася незадаволенасць дзейнасцю “майстра Францыска”.
27 VI 1538 Грыспек паскардзіўся каралю, што Францыск “працуе мала” і што “без італьянскай садавіны (лімонаў, апельсінаў і ім падобнага), якая тут расце, мы нічым незвычайным не зможам парадаваць Вашу Вялікасць”. У сваім адказе, датаваным 4 VII 1538, кароль загадаў старанней прыглядваць за садоўнікам, для таго каб “майстар Францыск” працаваў з яшчэ большай стараннасцю.
Падобна, што скарга суперінтэнданта не мела рэальных падстаў. Да вясны 1538 г. фарміравалі адхон гары Бруска, гарадзілі тэрыторыю саду і будавалі мост. Толькі з вясны пачаліся інтэнсіўныя пасадкі дрэў. 13 II 1538 з Трыеста ў Прагу даставілі 430 саджанцаў вінаграду, 30 фінікавых пальм, 12 саджанцаў айвы, 2 скрыні персікавых і міндалевых костачак, шмат матэрыялу для прывівак абрыкосаў і чарэшань. Перад 21 VII 1538 з Вены прыйшла яшчэ адна вялікая пасылка з насеннем і раслінамі. Безумоўна, саджанцы атрымлівалі і раней, але не такімі партыямі. Значыць, у 1538 г. Скарына дакладна не марнаваў дарма часу. Акрамя таго, вынікі яго працы залежылі не толькі ад яго ўмення ды старання, але і ад якасці таго насення і саджанцаў, якія яму дасылалі, і іх прыдатнасці да мясцовых умоў. Скарына першы ў Чэхіі вырошчваў цытрусавыя і эксперыментаваў з іншымі раслінамі субтропікаў, якія пад чэшскім небам спачатку неахвотна зелянелі і цвілі.
На службе ў караля Скарына быў да лета 1539 г. У сваім лісце ў Прагу ад 21 VII 1539 Фердынант І пісаў: “Па-першае, пра майстра Францыска, італьянскага садоўніка. Багемскаму двару было загадана заплаціць за яго працу згодна з патрачаным часам і з ім разлічыцца, таму што пасля ён прыбыў да нас і пабыў нейкі час [у Вене] у Новым градзе”. Канкрэтныя абставіны, якія прадвызначылі заканчэнне працы Скарыны ў Празе (узрост, іншыя заняткі, негатыўная ацэнка і т. п.) , засталіся невядомымі, але нам важна, што кароль і яго садоўнік развіталіся па-добраму: яны сустрэліся, Скарына караля аб нечым праінфармаваў, пасля яшчэ пабыў у Вене, а пражскі палац з ім поўнасцю разлічыўся за працу, якая доўжылася чатыры гады.
Хочам звярнуць увагу на азначэнне, дадзенае Скарыну ў каралеўскім лісце. Тут ён называецца “італьянскім садоўнікам” (welisch gartner). Такое азначэнне з’яўляецца невыпадкова. У Чэхіі Скарына смела мог, а ,можа, нават павінен быў называцца італьянцам, таму што з рускім прозвішчам яму было б складана патрапіць у тое прафесійнае асяроддзе, у якім тады гаспадарылі італьянцы. Так сябе вызначаючы, ён ніколькі не ашукваў жыхароў Еўропы. У Аўстрыі і Чэхіі, Італіі, Германіі ды іншых краінах у той час ужо ведалі пра паходжанне літоўцаў ад рымлян. “Прыкідвацца” літальянцам, г.зн. італьянцам-літоўцам, грамадзяніну ВКЛ было зразумелай і прыймальнай з’явай. Гэта мела практычнае значэнне з пункту гледжання забеспячэння жаданага прэстыжу. У Кракаве Скарына называў сябе нашчадкам рымлян – Litphanus. Трапіўшы ў Падую, ён называе сябе Ruthenus, таму што які ж італьянец мог у Італіі каго-небудзь здзівіць? Праўда, у Бібліі Рускай ён ужо называецца доктарам Францыскам Скарынам з Полацка, аднак і гэта зразумела: гэтыя кнігі Святога Пісання прызначаліся не чэхам, а чытачам з ВКЛ. У другі раз трапіўшы ў Чэхію, ён, дзеля прэстыжу, рэпрэзентаваў сябе як welisch gartner і ствараў тут італьянскі сад.
Праца над стварэннем саду дае магчымасць лепш ацаніць мышленне Скарыны – выдатнага прадстаўніка Рэнесанса. Як кнігавыдавец, пісьменнік, перакладчык і навуковец ён шмат чым займаўся і шмат чаго дасягнуў. Русінскія кнігі ўзбагацілі культурную прастору ВКЛ. У Заходняй Еўропе ён пакінуў іншага зместу каштоўнасці. Гэта Каралеўскі сад каля Пражскага Граду – першы рэнесансны і старэйшы з захаваўшыхся сад у Чэхіі. Менавіта дзякуючы намаганням Скарыны і яго паслядоўнікаў у XVI ст. у Празе з’явіўся ўражальны помнік прыроды і архітэктуры ў італьянскім стылі.
Акрамя каралеўскага, у Празе Скарына клапаціўся і пра іншы – сваёй сям’і – “сад”. У Чэхію ён прыехаў з дзецьмі, якія нарадзіліся ў 1526–1529 гг. у шлюбе з віленчанкай Маргарытай (†каля 1530). Вядомыя два яго нашчадкі: Францыск (František) і Сімяон. У 1535 г. ім павінна было быць 6–9 гадоў. Пачаўшы служыць каралю, Скарына займаецца пошукамі Францыску месца, дзе той мог бы пачаць вучыцца самастойнаму жыццю. Такое месца знайшлося ў ксяндза Яна з Пухава (Jan z Púchova, Johannes Podbradský de Puchov, †каля 1557). Відаць, гэта здарылася ў 1536 г., калі гэты святар стаў канонікам кафедральнай капітулы св. Віта, і, асталяваўшыся ў Пражскім замку, шукаў надзейных слуг. Францішак працаваў асабістым сакратаром Яна з Пухава і выконваў розныя даручэнні гаспадара.
Служба ў каноніка ў хуткім часе трагічна закончылася. Францішак загінуў падчас Вялікага пажару ў Празе 2 VI 1541. Пра гэты трагічны выпадак коратка расказаў Вацлаў Хайек з Лібачан (Václav Hájek z Libočan, †18 ІІІ 1553) у публіцыстычнай кніжцы Пра няшчасны выпадак, які адбыўся на пажары ў Малым месцы Прагі, замку св. Вацлава і Градчанах. Кніга на чэшскай мове з’явілася 17 VI 1541, яшчэ праз тыдзень той самы выдавец апублікаваў яе нямецкі варыянт. У тым самым 1541 годзе ў Аўгсбургу кніжка выйшла два разы. Апошнія выданні важныя для скарыназнаўства, паколькі тут змешчана гравюра з выявай Пражскага пажару. З левага боку мы бачым мост, які некалі спалучаў Каралеўскі сад з замкам. Злева ад маста стаяў дом садоўніка (ён не трапіў на гравюру). Каля маста з другога яго боку відаць Парахавую вежу (Mihulka альбо Prašná věž), каля якой і загінуў Францішак Русін.
Лёс другога сына быў больш шчаслівы. Сімяон Рус (†пасля 1593) пайшоў слядамі бацькі: працаваў доктарам і садоўнікам. У падлеткавым узросце ён бавіў час у Каралеўскім садзе, дзе атрымаў ад бацькі веды па садаводству. Дзе ён атрымаў медыцынскую адукацыю, невядома, але можам здагадацца. У кнізе дэкана філасофскага факультэта Карлава ўніверсітэта ўпамінаецца Simeon Novopragensis, які ў 1545 г. атрымаў ступень бакалаўра. У прамежку часу 1534–1551 гг. гэта адзіная асоба, якую можна суаднесці з Скарынавым сынам. Варта звярнуць увагу на паходжанне яго імені Novopragensis, гэта значыць “з Пражскага Новага града”. Як звычайна ў кнізе дэкана, паходжанне імені ўказвала, дзе была партыкулярная школа, у якой юнак вучыўся да паступлення ва ўніверсітэт. Гэты факт важны і для ўдакладнення ведаў пра біяграфію Скарыны, таму што паказвае, дзе ён з сынамі жыў пасля 1539 г., калі завяршыў службу ў караля, і дзе ён, верагодней за ўсё, памёр. Дакладная дата смерці Скарыны невядомая – гэта павінна было здарыцца яшчэ да 29 І 1552. Справа ў тым, што пасля смерці бацькі Сімяон Рус звяртаўся да Фердынанда І з просьбай заклікаць сваіх падданых у розных месцах Чэхіі дапамагчы яму атрымаць немалую маёмасць, якая належыла яму па праву як спадчына. Граматай ад 29 І 1552 кароль падтрымаў законную просьбу сына “свайго садоўніка”.
Пазней сляды Сімяона накіраваліся ў напрамку да Паўднёвай Чэхіі: у Йіндржыхуве-Градцы (Jindřichův Hradec) ён служыў садоўнікам у паноў Вітковічаў, у Чэскім-Крумлаве (Český Krumlov) займаўся медыцынскай практыкай, пэўны час сам лячыўся ў Капліцы (Kaplice). У пачатку 70-х гадоў XVI ст. ён служыў у двары Йохіма з Градца (*1526–†1565). Гэты факт варта ўспомніць, таму што ў 1563 г. Сімяону з гэтага месца праз Вільнюс прыйшлося ехаць у Маскву. Мэта падарожжа нам невядомая, але хутчэй за ўсё так здарылася з-за трагічных падзей Лівонскай вайны. Справа ў тым, што 15 II 1563 маскоўскія войскі занялі Полацк. У выгнанні аказалася нямала палачан. Сярод іх маглі быць і сваякі з боку дзядзькі Івана. Малады Скарына дасягнуў Масквы і шчасліва вярнуўся ў Паўднёвую Чэхію.
З 1584 г. з-за пагаршэння здароўя Сімяон Рус вымушаны быў пакінуць пасаду садоўніка. Дата яго смерці невядомая. У 1593 г. ён яшчэ ўпамінаўся як жывы.
Каралеўскі садоўнік