Месцазнаходжанне: Старая Свір была заснавана яшчэ плямёнамі штрыхаванай кірамікі (індаеўрапейцы — балты) на гары ў цэнтры сучаснага мястэчка, непадалек ад возера Свір. Возера звязана пратокамі з Віллей і Неманам. З паўночнага боку возера і праз Засвір ішоў сухапутны шлях перавалкі тавараў праз Нарачанскія вазеры ў прытокі Дзвіны на Полацк. На старым гарадзішчы існавала ўмацаванне, якое ўваходзіла ў Нальшанскае княжэнне. Вярагодна тут, на кропцы самага шырокага далягляду на маляўнічае наваколле, было капішча Пяруна — Пяркунаса.
Паволе падання ў сярэдзіне XIII ст. нальшанскі князь Даўмонт, адзін з забойцаў Міндоўга і бацька Давыда Гарадзенскага, перабудаваў свірскі замак памерамі 30 на 40 метраў і абкружыў вярхушку гары трохметровым валам з драўляным тынам. Свір пачала канкураваць са сталіцай Нальшанаў – Крэвам. Нальшаны ўвайшлі у ВКЛ і сталі часткай Ашмянскага павету.
Свір у часы Скарыны
Ад нальшанскіх князеў выводзіўся княжый род Свірскіх. Ен быў вельмі шматлікім, але не здолеў зрабіць кар’еры пры вялікакняскім двары ў Вільні. Уладанні іх хутка здрабнелі. Яны збяднелі. Пры гэтым князі Свірскія былі прызнанымі ў Еўропе княжым (герцагскім) родам. Шукаючы грошы, яны трапляюць у залежнасць да Радзівілаў. Спачатку ў 1428 г. Радзівілы выкупаюць у іх частку тытульнага мястэчка, а ў 1547 г. гэтая ўласнасць і пісьмовае пацверджанне высакароднасці Радзівілаў ад князя на Свіры, дазволіла Мікалаю Радзівілу Чорнаму атрымаць ад імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі тытул князя імперыі германскай нацыі. З тых часоў нясвіжскія Радзівілы – князі, а іх фамільны арол, нямецкі – чорны, а не польскі – белы.
Ян (Івашка) Свірскі у 1452 г. збудаваў у Свіры асноўную яго славутасць – касцёл святога Мікалая. Драўляны будынак касцела, які мог бачыць Скарына, быў пераабсталяваны Янушам Свірскім пад патрэбы рэфармацкага збору у 1577 г. Іншыя Свірскага ў пачатку XVI ст. актыўна спансавалі ўпрыгожванне алтара св. Марыя ў гэтым касцёле, адпісваючы на гэтыя патрэбы свае землі, сялян і нават тракцір у Мядзелі.
Найбольш значнай падзеяй у жыцці мястэчка, якое ляжала на шляху з Вільні на Полацк стала канцэнтрацыя войскаў ВКЛ і Польскай кароны летам 1579 г. У ваколіцах мястэчка сталі табарам больш 40 000 жаўнераў. Стэфан Баторы асабіста прыняў парад у Свіры 30 чэрвеня 1579 г. Распачаўся рух па батарыянскім ваенна-стратэгічным шляху на Полацк.
Свір з XVII ст. да нашых дзён
Касцёл святога Мікалая
Той драўляны будынак касцёла які мог бачыць Скарына, быў вернуты каталікам у пачатку XVII ст. Каменны храм пачалі будаваць ў 1644 і скочылі ў 1653 г. Сучасны выгляд атрымаў толькі ў 1903 – 1909 гг. Апошняя перабудова касцелу была вельмі значнай па памерах, але ўключыла ў свае аб’емы большую частку старой пабудовы і капліц. За саветамі з 1961 г. па 1990 г. касцел быў зачынены, а ў яго будынку працаваў завод па вытворчасці нумарных знакаў. У 1990 г. касцел вярнулі вернікам і добра адрамантавалі. Свірская ікона святога Мікалая XVII ст. з выявай Даўмонта патрапіла ў музейстаражытнабеларускай культуры НАН Беларусі. У 2002 г. быў адноўлены барочны трохчасткавы алтар, усталяваны шаснаццацігалосы арган. Зараз касцёл святога Мікалая – адрамантаваны выдатны узор камбінацыі барока, класіцызму і псеўдараманскага стылю.
Да касцела вядзе брама ў каменнай агароджы XIX стагоддзя. На касцельным двары ляжыць царкоўны звон (900 кг.), адліты у 1701 г. Мяркуючы па надпісах на ім, ён пабываў і праваслаўным, і каталіцкім. Тут жа стаіць некалькі скульптур, найбольш цікавая з якіх ў выглядзе пагнутага і заламанага крыжа, прысвечаную памяці аб часах, калі касцёл быў зачынены. Побач будынак плябані пачатку XX ст.
Планіроўка горада з вуліцамі, рынкам і жылымі дамамі засталася нязменнай. Праз віхуры гісторыі да сенняшняга дня дажыло некалькі каменных крамаў і дамоў канца XIX – пачатку XX ст., будынак гміны і аўстэрыі (гатэля). Мястэчка было шматканфесійным. Аб гэтым сведчыць захаваныя а сенняшняга дня драўляная стараверская Успенская царква; драўляная праваслаўная царква Святых Кірыла і Мяфодзія і яўрэйскія могілкі (сінагога не захавалася).