Месцазнаходжанне: Лужкі размешчаны на адлегласці 19 км ад гістарычнага Альгердавага шляху, на дарозе, якая злучае гэты шлях з Дзісной (19 км да Пліса, 37 км да Дзісны). Адлегласць да Полацка складае 75 км (праз Дзісну), 204 км да Вільні. Такім чынам, транспартная камунікацыя паміж Вільняй і Полацкам праз Лужкі ў часы Скарыны магла здзяйсняцца водна-сухапутным шляхам (праз Дзісну).

Лужкі ў часы Скарыны

Першая ўзгадка пра Лужкі ўзыходзіць да 1519 г. У той час яны належалі Сапегам. У выніку адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1565-1566 гг. Лужкі ўвайшлі ў склад Полацкага ваяводства. У далейшым Лужкі часта змянялі сваіх уладальнікаў. Ім валодалі Сапегі, Жабы, Чапскія, Плятэры.

 

Лужкі з XVII ст. да нашых дзён

Лужкі на працягу доўгага часу былі невялікай вёскай. Істотныя змены адбыліся ў першай палове XVIІІ ст., калі ўладальнікам Лужкаў стаў харужы гусарскі, пасол на соймы, маршалак Скарбовага трыбуналу ВКЛ, берасцейскі і полацкі кашталян Валерыян Жаба. Род Жабаў паходзіць са смаленскіх баяраў XV ст. Новы ўладальнік шляхам ільготаў запрасіў у Лужкі шмат рамеснікаў: краўцоў, гарбароў, кавалёў, ювеліраў. Актывізуецца гандаль. Валерыян Жаба дамогся ад караля для Лужкаў статус мястэчка, а таксама правядзення тыднёвых кірмашоў два разы на год — 25 студзеня і 8 верасня.

 

Касцёл святога Архангела Міхаіла

Касцёл быў заснованы ў 1744 г. Валерыянам Жабам. Касцёл прызначаўся для ордэна піяраў, якія былі запрошаны ў Лужкі ўладальнікам мястэчка ў 1741 г. Будаўніцтва касцёла адбывалася ў 1744-1756 гг. у стылі віленскага барока. Адначасова з касцёлам і кляштарам быў фундаваны піярскі калегіум.

Такім чынам, у гэты час Лужкі сталі значным адукацыйным і культурным цэнтрам у рэгіёне. Справа ў тым, што ў сярэдзіне XVIІІ ст. піяры стварылі прынцыпова новую на той час у ВКЛ сістэму адукацыі. У адрозненне ад пануючых на той час езуіцкіх калегіумаў тут найбольшая ўвага надавалася курсам матэматыкі, прыродазнаўчых і свецкіх сацыяльна-гуманітарных навук, замежных моў. Акрамя Лужкаў піярскія калегіумы на тэрыторыі ВКЛ паўсталі ў Шчучыне, Воранаве (потым пераведзены ў Ліду), Геранёнах, Зэльве, Віцебску, Дарагічыне.

У 1782 г. у Лужкоўскім піярскім калегіуме дзейнічалі тры класы з агульнай працягласцю навучання 6 гадоў, працавалі 4 выкладчыкі і навучалася 130 вучняў. Для навучання выклікалі выкладчыкаў з Вільні. Вучні вывучалі арыфметыку, алгебру, фізіку, геаграфію, гісторыю, французскую і нямецкую мовы, нават карысталіся мікраскопамі. Вучылі ў калегіуме нават асновам складання вершаў. Навучанне было бясплатным, плата бралася толькі за пражыванне ў інтэрнатах. Пасля далучэння да Расійскай імперыі калегіум быў пераўтвораны ў чатырохкласнае павятовае вучылішча с шасцігадовым тэрмінам навучання. Найбольшая колькасць вучняў была зафіксавана ў 1820/21 навучальным годзе — 189 чалавек. Аднак пасля паўстання 1830-1831 гг. вучылішча было зачынена, а піяры выгнаны з краіны.

У далейшым касцёл прайшоў пра шматлікія віхуры часу. У савецкі час ён быў зачынены і пераўтвораны ў склад мінеральных угнаенняў. Адноўлены і вернуты вернікам касцёл быў толькі ў 1988 г. Раней у ім была вялікая колькасць старадаўніх абразоў, але ў савецкі час усё вывезлі. Цяпер абразы знаходзяцца ў музеі ў Полацку, а дапамагаць Лужкоўскаму касцёлу з абразамі давялося суседнім парафіям.

У Лужках ёсць таксама пабудаваная ў 1794 г. Царква Раства Прасвятой Багародзіцы, а таксама рэшткі пабудаванай у ХІХ ст. сінагогі, дзе вучыўся славуты вынаходнік іўрыту Элізэр Бен-Іегуда (Перэльман).