Месцазнаходжанне: Лучай знаходзіцца непадалёк ад старажытнага полацкага гасцінца, практычна на аднолькавай дыстанцыі ад Полацка і Вільні. На дарозе ад Дунілавіч да Пастаў у Лучаі Агінскімі ў канцы XVIII стагоддзя была пастаўленая карчма. Археолаг Леанід Аляксееў апісваў дарогу з Лучая да Пастаў такім чынам: «дарога роўная, мясцовасць адкрытая і аднастайная».

Лучай у часы Скарыны

Лучай шмат разоў змяняў сваіх уласнікаў, валодалі ім многія ўплывовыя рады Вялікага Княства Літоўскага. Першымі вядомымі ўласнікамі ў першай палове XVI стагоддзя быў род Забярэзінскіх, «які хутка стаў адным з самых заможных у краі, але таксама хутка і згас» (Ч. Янкоўскі), росквіт гэтага дому прыпаў на мяжу XV-XVI cтагоддзяў. Якраз са згасаннем роду Забярэзінскіх па мужчынскай лініі і звязаная першая згадка пра Лучай. Пасля смерці Барбары Забярэзінскай Лучай разам з возерам Нарач пераходзяць у валоданне яе брата, жамойцкага старасты Станіслава Станіслававіча Забярэзінскага. Але і ў таго не было нашчадкаў па мужчынскай лініі, толькі адна дачка Ганна, і ў 1542 годзе ён аддае Лучай у заклад віленскаму гараднічаму Войцеху Юндзілу. Кароль Жыгімонт прызначае апекуном сіраты Ганны віленскага ваяводу Яна Глябовіча, які ўрэшце выкупляе Лучай.

Надалей Лучай пераходзіць з рук у рукі ўплывых радоў — Шэметаў, Рудамінаў, Агінскіх, Ваньковічаў, Мастоўскіх.

 

Лучай з XVII ст. да нашых дзён

Іезуіты ў Лучаі з’явіліся ў 1766 годзе дзякуючы фундацыі знакамітай мецэнаткі Альжбеты Пузынінай (з роду Агінскіх). Праславілася яна падтрымкай астранамічнай абсерваторыі ў Віленскай іезуіцкай акадэміі , забяспечвала набыццё дарагіх інструментаў і стажыроўкі навукоўцаў, і нават перад смерцю выдаткавала 6000 талераў на падтрымку абсерваторыі. Аб гэтай мецэнатке Адам Міцкевіч успамінаў у паэме «Пан Тадэвуш». Адзін з партрэтаў Эльжбеты Агінскай можна ўбачыць у экспазіцыі Полацкай карціннай галерэі.

 

Касцел св. Юды Тадэвуша

Напачатку ў Лучаі быў створаны дом іезуіцкай місіі, дзе жылі сем манахаў. Але сам касцёл у 1776 годзе дабудаваў ужо брат мецэнаткі, троцкі кашталян Тадэвуш Агінскі (дзед знакамітага кампазітара), і сам касцёл быў асвечаны ў гонар яго патрона — святога Тадэвуша. Падчас будовы ордэн іезуітаў забаранілі, таму лічыцца, што гэта быў апошні помнік іезуіцкай архітэктуры ў Беларусі. Архітэктурная стылістыка касцёла адлюстроўвае пераходны перыяд ад барока да класіцызму, дзе аб’яднаны рысы абодвух стыляў.

Застаецца адкрытым пытанне асобы архітэктара. Паводле Мар’яна Марэлёўскага найбольш стылістычнага падабенства ў лучайскага касцёла назіраецца з «белай заляй» Віленскай абсерваторыі, якую пабудаваў Томаш Жаброўскі (выкладчык матэматыкі ў Віленскай акадэміі), а даводзіў да ладу італьянец Карла Спампані (выкладчык архітэктуры у той жа акадэміі). Менавіта італьянскі архітэктар і выглядае на найбольш верагодную кандыдатуру стваральніка касцёла святога Тадэвуша. Тамара Габрусь лічыць, што першаўзорам мог быць і полацкі іезуіцкі касцёл, з якім лучайскі мае шмат стылістычных падабенстваў.

Яшчэ адной з адметных асаблівасцей касцёла святога Тадэвуша з’яўляюцца роспісы ў запазычанай у італьянскіх майстроў тэхніцы «грызайль», ілюзіянісцкага жывапісу, які імітуе скульптурныя формы. Роспісы гэтыя на замову чарговага уласніка Лучая, мінскага падчашага Тадэвуша Ваньковіча, выканаў мінскі майстра Казімір Анташэўскі, які таксама ў падобнай тэхніцы пакінуў роспісы мінскага кафедральнага і будслаўскага касцёлаў.