Месцазнаходжанне: Дунілавічы знаходзяцца на так званым «Баторыевым шляху» ад Полацка да Вільні, прыкладна на роўнай адлегласці між Глыбокім і Паставамі. У 1784 годзе шляхі з Дунілавіч выглядалі наступным чынам: «Дарога з Дунілавіч да Пастаў роўная, добрая, часам асаджаная дрэвамі. Дарога з Дунілавіч да Глыбокага — гасцінец пабіты і невыгодны».

Дунілавічы былі радавой уласнасцю князёў Гальшанскіх, упершыню згадваюцца ў 1473 г., калі пераходзяць да князя Аляксандра Юр’евіча Гальшанскага, які ўзвёў тут першы драўляны касцёл каля 1500 г. У 1511 г. мястэчка пераходзіць ва ўласнасць яго сына, Паўла, які перад гэтым у 1504 г. скончыў Кракаўскі ўніверсітэт (якраз у той год туды паступае вучыцца Францішак Скарына), а з 1507 г. становіцца луцкім біскупам. Уласнік Дунілавіч і беларускі першадрукар маглі сустрэцца і ў Рыме у 1512 г. на Латэранскім саборы, пакуль гісторыкі ўдакладняюць, ці быў там Скарына ў якасці сакратара дацкага караля, а вось луцкі біскуп — дакладна быў. У 1536 г. Павел Гальшанскі становіцца віленскім біскупам, і замяняе на гэтай пазіцыі біскупа Яна, апекуна беларускага першадрукара — лічыцца, што ў гэтым годзе Скарына пакідае Вільню.

Па тэстаменту Паўла Гальшанскага пасля яго смерці ў 1555 г. Дунілавічы перайшлі ва ўласнасць караля Жыгімонта Аўгуста, а пазней шмат разоў змяняюць уласнікаў.

 

Дунілавічы з XVII ст. да нашых дзён

 

Касцёл Святой Троіцы і ікона з Фларэнцыі

Будаўніцтва касцёла Святой Троіцы ў Дунілавічах звязана са з’яўленнем тут ордэна дамініканцаў, якія адным з першых манаскіх ордэнаў з’явіліся на тэрыторыі ВКЛ, яшчэ з часоў Міндоўга. У 1683 г. уласніца Дунілавіч Эльжбета Ісакоўская з Белазёравых засноўвае тут кляштар дамініканцаў і будуе каменны касцёл. У гэты час ідзе актыўнае пашырэнне ордэна на тэрыторыі ВКЛ, і новыя касцёлы дамініканцаў узводзяцца ў моднай на той час стылістыцы «сармацкага барока», арыенцірам і для касцёла ў Дунілавічах стала перабудова касцёла Святога Духа ў Вільні — галоўнага апірышча ордэна ў рэгіёне. Як і ў іншых кляштарах дамінікане вялі тут адукацыйную актыўнасць, сабралі нядрэнную бібліятэку, дзейнічаў шпіталь для бедных.

Таксама дамінікане актыўна пашыралі ў рэгіёне копіі абразоў Маці Божай з Рыму (асабліва быў папулярны абраз Маці Божай Снежнай). Але ў Дунілавічах галоўны і шанаваны абраз прыбыў іншым шляхам: віленскі біскуп Мікалай Стэфан Пац на асвячэнне храма падараваў абраз Маці Божай Ларэтанскай, які ён прывёз з Фларэнцыі. Гэта стала вынікам культурнага абмену і будавання генеалогій, характэрных для літоўскіх арыстакратычных радоў. Род Пацаў, пасля візіту ў Італію ў 1624-25 гг. віцэканцлера Стэфана Паца, пачаў выводзіцца ад фларэнційскіх Пацы, якія прынялі літоўскага магната ў госці як сваяка. Віленскі біскуп Мікалай Стэфан Пац у сваю чаргу прыклаў нямала намаганняў, каб пашырыць і ўмацаваць гэтую ідэалагічную повязь, адным з элементаў гэтага стала перамяшчэнне ў Фларэнцыю мошчаў Святога Казіміра, і адначасовае пашырэнне ў Літве культа Святой Марыі Магдалены Пацы. Таму нездарма абраз у Дунілавічы патрапіў з далёкай Фларэнцыі.

Гэты абраз перажыў ліхалецці — і закрыццё кляштара дамініканцаў, і перадачу храма праваслаўнай царкве, і нават крадзеж. І зараз у алтары дунілавіцкага касцёла па-ранейшаму знаходзіцца абраз Маці Божай Ларэтанскай з Фларэнцыі, да якога па дапамогу звяртаюцца вернікі.