Месцазнаходжанне: Паселішча на пратоках і волаках Браслаўскіх вазераў паміж Дзвіной і Неманам заснавалі недзе на мяжы нашай эры прадстаўнікі днепра-дзвінскай культуры. З часоў полацкага княства аж да 18 ст. замак і галоўная частка горада знаходзілася на востраве ў возеры Дысвяты. У Сярэднявеччы горад належаў вялікаму князю і перадаваўся ў трыманне розным магнатам (Радзівілам, Сапегам, Пацам, Агінскім). Ен выконываў ролю абарончага ўмацавання на мяжы з Лівонскім ордэнам, ахоўваючы водны і сухапутны гандлевы шлях з Вільні ў Друю і адтуль на Полацк або Рыгу.

Дрысвяты ў часы Скарыны

Грамата караля Жыгімонта Старога 1514 г. называе замак на выспе Дрысвяты — горадам і загадвае яго трымальніку Мікалаю Разівілу пабудаваць там касцел Святой Марыі. Па шляху на Маскву у 1517 г. праз яго праязджаў знакаміты аўстрыйскі пасол і аўтар цікавейшых падрожных нататкаў пасол Сігізмунд Герберштэйн. Часамі Скарыны — 1514–1522 г. годам датуецца адзін з найлепшых узораў рэнесанснага жывапісу на Беларусі — абраз «Пакланенне вешчуноў» з дрысвяцкага касцела. Яго аўтарам лічыцца нямецкі мастак Ганс Эльвінг. Вобраз вельмі рэалістычны з выдатнай перадачай колеру і ценяў, эмоцый і анатоміі.

У часы Скарыны на выспе Замак існавала трохвежавая фартэцыя — абнесеная валом да 5 метраў вышынёй з выбрукоўкай камянем ва ўнутраным двары. Вал ахоўваў вялікакняскі двор, касцел, рынак з трымя вуліцамі. Відавочна пры чатырохразавай перасыпцы валоў у памежным замку ўлічваліся тэндэнцыі развіцця еўрапейскай фартыфікацыі — стварэнне земляных бастыенных сістэм. Сувязь з берагам ажыццяўлялася праз два масты.

 

Дрысвяты з XVII ст. да нашых дзён

Паводле паданняў замак на востраве быў спалены пасля шведскага нападу, але мясцовыя паспелі прыхаваць скарбы недзе у сутарэннях. Пасля шматлікіх войнаў, пажараў і эпіэмій мястэчка спачатку пераняслося з выспы на кантынент, а потым было перададзена са скарбу Разівілам у кошт пагашэння 2 млн. злотых дзяржаўнай запазычанасці перад імі.

Касцёл Святых Пятра і Паўла

У міжваенны час Дрысвяты былі ў складзе Віленскага ваяводства Польскай дзяржавы. Найбольш яскравым помнікам гэтага часу з’яўляецца касцел Пятра і Паўла адкрыты ў 1929 г. Ен драўляны з унікальнымі рысамі мадэрна як у сваім вонкавым абліччы (вокны, дах) так і ва ўнутраным аздабленні (інтэр’еры, калонны). Архітэктарам стаў адзін з знакамітых рэфарматараў драўлянага дойлідства і дырэктар будаўнічай школы ў Вільні Лявон Вітан-Дубейкаўскі. Храм дзейнічаў да 1961 г. потым у ім быў склад, зараз ен адноўлены і адкрыты для малітвы і наведвання.