Месцазнаходжанне: Галоўны корпус Віленскага універсітэта і бібліятэка месцяцца па адрасе вуліца Універсітэцкая, 3. Гэта адна з найстаржытнейшых вуліц горада, якая мела гістарычныя назвы
Біскупская і Епіскапская.
Універсітэт з’яўляецца адным з найстарэйшых універсітэтаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Ён быў заснаваны з мэтаю распаўсюджвання ідэй эпохі Адраджэння і Рэфармацыі. У 1570 г. па ініцыятыве мясцовага біскупа езуіты заснавалі Віленскі езуіцкі калегіум. У 1579 годзе, прывілеем караля Стефана Баторыя калегіум быў пераўтвораны ва ўніверсітэт. Падзелы Рэчы Паспалітай прывялі да змены статуса ўніверсітэта на Галоўную Віленскую школу. У 1803 годзе ён быў адноўлены як Імператарскі ўніверсітэт. У 1832 г. за вальнадумства студэнтаў і выкладчыкаў ўніверсітэт быў зачынены Расейскімі ўладамі і зноўку адноўлены як ўніверсітэт імя Стэфана Баторыя ў 1919 годзе.
Сёння ў ансамбль універсітэта ўваходзіць касцёл Святых Янаў, старэйшая ў Еуропе астранамічная абсерваторыя і старэйшы ў Літве батанічны сад. Тут навучаецца больш за 20 тысячаў студэнтаў і працуе блізу 2 тысяч выкладчыкаў і даследчыкаў. Бібліятэка ўніверсітэта ёсць найбуйнейшаю ў Літоўскай Рэспубліцы і утрымлівае больш за 5,3 млн. асобнікаў, сярод якіх арыгінальныя выданні прац Францыска Скарыны. Адна з панэляў уваходных дзвярэй бібліятэкі прысвечана Скарыне.