Месцазнаходжанне: Будынак царквы знаходзіцца на тэрыторыі Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра
па вул. Еўфрасінні Полацкай, 89.
Спаса-Праабражэнская царква Еўфрасіннеўскага манастыра ў Полацку ўяўляе сабой адзін з самых ранніх ацалелых на тэрыторыі Усходняй Еўропы храмаў, архітэктура якога, сфарміраваная ў працэсе творчай перапрацоўкі візантыйскіх традыцый, з’явілася ўзорам прынцыпова новага тыпу пабудоў, што стаў на рубяжы XII—XIII стст. асноўным у дойлідстве ўсёй Старажытнай Русі ад Карпацкіх гор да Старой Ладагі.
Пабудовы такога тыпу маюць падоўжаныя, выцягнутыя ўверх прапорцыі і часта называюцца ў навуковай літаратуры «вежападобнымі». Шырокае распаўсюджанне на ўсёй тэрыторыі Русі «вежападобны» тып храма атрымаў у канцы XII — пачатку XIII ст., аказаўшы істотны ўплыў на каменнае будаўніцтва ў Смаленску (храм Архангела Міхаіла), Ноўгарадзе (царква вялікамучаніцы Параскевы Пятніцы), Гродна, Чарнігаве (царква вялікамучаніцы Параскевы Пятніцы) і іншых гарадах. Пазней, у XIV—XV стст., скіраваная ўверх канструкцыя храмаў заняла пануючае становішча ў архітэктуры Ноўгарада і Пскова.
Варта адзначыць, што ў Полацку «вежападобная» кампазіцыя храма рэалізуецца цалкам самастойнымі сродкамі, што не маюць аналогій у іншых старажытнарускіх землях і Візантыі. У Спаскай царкве Еўфрасіннеўскага манастыра вертыкальная скіраванасць кампазіцыі ствараецца прапарцыянальнымі суадносінамі аб’ёмаў, створаных з дапамогай звычайных для большасці помнікаў канструкцый, але выкарыстаных тут зусім у іншым кантэксце.
Полацкі храм Спаса па праву прадстаўляе асобую каштоўнасць як помнік XII ст., які дайшоў да нашага часу і ў якім наглядна адлюстроўваецца працэс фарміравання стылістыкі «вежападобных» храмаў, пошук новых канструкцый і адаптацыя традыцыйных прыёмаў для выражэння новых архітэктурных ідэй. Пры параўнанні з іншымі храмамі падобнага тыпу робіцца відавочным, што Спаская царква Еўфрасіннеўскага манастыра распачынае сабой працэс пошукаў новых форм у старажытнарускай архітэктуры, значна апярэдзіўшы свой час. Так, калі «вежападобная» кампазіцыя храмаў атрымала шырокае распаўсюджанне праз больш чым паўстагоддзя пасля яе з’яўлення ў Полацку, то пафрантонныя перакрыцці завяршэнняў, існаванне якіх у Спаскай царкве ў XII ст. было зафіксавана падчас апошніх даследаванняў, знаходзяць выкарыстанне ў старажытнарускім дойлідстве значна пазней — у XV ст.
Разам з тым, прыём упісвання трохлопаснага завяршэння фасадаў у франтонныя формы — сведчанне знаёмства дойліда Іаана, стваральніка Спаскай царквы, з выкарыстаннем дадзенага матыву ў архітэктуры Візантыі і, перш за ўсё, Грэцыі. Аднак у Полацку гэты візантыйскі па сваім паходжанні прыём ужываецца зусім у іншым архітэктурным кантэксце — для стварэння вертыкальнага акцэнту ў аб’ёмнай кампазіцыі будынка, што не мае аналогій у візантыйскай архітэктуры.
Унікальнай з’яўляецца і ступень захаванасці аўтэнтычных канструкцый і дэталей будынка полацкага храма. Асабліва важная тая акалічнасць, што многія з ацалелых элементаў помніка даюць магчымасць нібы патрапіць у «творчую лабараторыю» старажытных майстроў, прасачыць іх пошукі і змяненні першапачатковых задум у працэсе будаўніцтва.
Каштоўнейшая іконаграфічная праграма роспісу Спаскага храма, створаная пры ўдзеле самой прападобнай Еўфрасінні Полацкай, выдатныя мастацкія асаблівасці фрэсак — аднаго з нямногіх дайшоўшых да нашага часу ўзораў стылю Комнаўскага жывапісу XII ст. ва ўнікальнай захаванасці, маюць выключнае значэнне для развіцця мастацтва як на землях Беларусі і Старажытнай Русі, так і на ўсім арэале распаўсюджання візантыйскай культуры.
Такім чынам, Спаская царква Еўфрасіннеўскага манастыра з’яўляецца выразна індывідуальным і адзіным ацалелым у настолькі значным аб’ёме ўзорам полацкай школы дойлідства. Акрамя таго, рэдкая для манументальнага жывапісу XII ст. ступень захаванасці старажытных роспісаў ставіць Спаса-Праабражэнскую царкву, разам з балканскімі храмамі гэтага часу (царква Святога Панцеляймона ў Нерэзі, царква Святога Панцеляймона ў Баяне), у шэраг найбольш выдатных помнікаў сярэднявечнага мастацтва візантыйскага круга.
Вялізнае значэнне мае і духоўная роля гэтага помніка, звязанага са спадчынай вялікай асветніцы Старажытнай Русі — прападобнай Еўфрасінні Полацкай — першай жанчыны на беларускіх землях, якая заснавала ў 1125 г. манастыр, ініцыявала ўзвядзенне ўнікальнага па сваёй архітэктуры храма, стварыла для яго асаблівую іконаграфічную праграму роспісу і каштоўнейшы крыж-рэлікварый.