Месцазнаходжанне: Старажытнае паселішча, папярэднік сучаснага горада, існавала на выцягнутым мысе правага берага рэчкі Дзісна пры ўпадзенні ў Дзвіну яшчэ ў X — XI стст. як замачак Полацкай зямлі. За ім пачыналіся парогі. Уверх па плыні Дзісны можна вадой дайсці да валокаў на Вілію і Неман. І адпаведна адтуль маглі прыплываць літоўскія дружыны і гандляры да Полацка. Таму тут размяшчаўся замачак, які кантраляваў раку і мытны пункт — камора. У Дзісне збіралі мыта і натуральны падатак на карысць полацкага ваяводы (раней князя) — па селядцу з кожнага карабля, які падымаўся па рацэ. З XIII ст. пачалося паступовае засяленне левага берага Дзісны.

Дзісна ў часы Скарыны

Першая пісьмовая ўзгадка пра Дзісну як умацаваны замак Капец-гарадок (ад слова «капа́ць») датуецца 1374 г. У 1461 г. паселішча ўпершыню згадваецца пад цяперашняй назвай – двор Дзісна.

Сапраўднае развіцце горада пачалося пасля захопу Полацка маскоўскімі войскамі Івана Жахлівага. Сюды перасяляецца частка полацкіх мяшчан і шляхты. У 1566 г. вялікі князь Жыгімонт Аўгуст загадаў пры Дзісенскім замку і пад яго аховай заснаваць горад, жыхарам якога даў розныя палёгкі тэрмінам на 8 гадоў. У 1567 г. Жыгімонт Аўгуст надаў Дзісне першы герб «Тры вежы з муру», а 20 студзеня 1569 г. — магдэбургскае права і новы герб: «у блакітным полі ладдзя з разгорнутым парусам» – які адсылае да Полацкага герба.

Замак становіцца стратэгічна важным, паколькі ахоўвае з поўначы неакупаваную частку ВКЛ. Больш таго, ўваход з ракі Дзісны ў Дзвіну неўзабаве будзе выкарыстаны для транспартыроўкі Стэфанам Баторыям войска і артылерыіі пад Полацк ў 1579 г. Пры падрыхтоўцы да аднаўлення вайны з Масквой, па загадзе Стэфана Баторыя крэпасць на мысу была аддзелена ад мацерыка перакопам, а горад — рвом. Дзісненскі замак апынуўся на выспе. Ен меў 5 вежаў, прычалы з боку горада. Кіраваў ўзвядзеннем фартэцыі і планіроўкай горада прыдворны архітэктар Генга з Урбіна. Паланіроўка горада была ў лепшых рэнесансных традыцыях – рэгулярнай. На заходнім баку цэнтральнай плошчы была ратуша, на ўсходнім — царква Уваскрасення.

Ад Свіры да Дзісны па Вілейскіх пратоках, Мядзельскіх азерах  прытоках і самой Дзісне пачынаючы з 30 ліпеня 15979 г. пачаўся рух 40 000 войскаў ВКЛ і Польскай кароны з артылерыяй і іншымі стратэгічнымі грузамі. Гэты шлях з Вільні на Полацк атрымаў назву «Батарыянскага». Тут да асноўнага войска далучыліся аддзелы Я. Хадкевіча і Я. Глябовіча, пасля чаго 10 жніўня 1579 г. адбыўся попіс і парад войска, якое рушыла ў паход і вызваліла Полацк.

 

Дзісна з XVII ст. да нашых дзён

Горад быў праваслаўным у Сярэднявеччы. Тут былі царквы Святога Міколая і Успенская. У 1581 г. у Дзісне быў заснаваны парафіяльны касцёл (пры ім з 1775 г. дзейнічала школа), які падтрымлівала полацкая езуіцка калегія, у 1630 г. — кляштар францысканцаў (зараз  касцел Беззаганнага зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі), а ў 1633 г. — манастыр пры Уваскрасенскай царкве. Дзісна стала цэнтрам староства Полацкага ваяводства, значным гандлёва-рамесніцкім асяродкам.

Негледзячы на нешматлікасць насельніцтва, Дзісна захавала свой статус і зараз афіцыйна з’яўляецца самым маленькім горадам Беларусі.

 

Ікона Божай Маці Адзігітрыі

Паводле паданняў па Дзвіне прыплыла найбольш шанаваная дзісенская ікона — Божая Маці Адзігітрыя і пажары, ад якіх пакутвала места скончыліся. Нажаль гэта толькі легенда. У 1649, 1700, 1770 і 1882 г. адбыліся пажары, якія вынішчалі старую Дзісну і Божая Маці не дапамагла. Адзігітрыя — апякунка вандроўнікаў і купцоў. Выява зроблена па праваслаўным каноне са Смаленскага ўзору. Культ яе звязвае Дзісну са Смаленскам і Візантыяй. Сучасныя даследчыкі датуюць напісанне іконы XVI ст. Кожны год 10 жніўня адбываецца свята шанавання Адыгітрыі з хросным ходам на які з’яджаюцца дзісенцы з усяго свету.