Месцазнаходжанне: Развіццё мястэчка было звязана з выгодным размяшчэннем на шляху з Вільні да Полацка, якраз каля пераправы праз рэчку Вілію. Гэты шлях выкарыстоўваў кароль Стэфан Баторы падчас вайсковай выправы на Полацк у 1581 годзе: тады з Коўна порах і правіянт па рацэ Віліі дастаўляліся да Міхалішак, адкуль потым сухапутным шляхам да Пастаў. Мястэчка наведаў і Канстанцін Тышкевіч падчас славутай экспедыцыі па рацэ Віліі да яе зліцця з Нёманам у 1857 годзе: “Ужо было па заходзе сонца, і нават добра шарэла, калі на левым беразе ракі ў прыцемку забялелі дзве не высокія, але вельмі дасканала вытрыманыя ў сваіх памерах вежы; пры іх касцёл з невялікім купалам, пасаджаным на чысты, свежа пафарбаваны дах — словам: з вячэрніх прыцемкаў выступіў прад нашымі вачыма выдатны, пекнай італьянскай архітэктуры, не асабліва вялікі мураваны касцёлік; за ім бялелася двухпавярховая мураваная плябанія, за якой — прама і налева — чарнелі драўляныя дамы, раздзяляў якія шырокі гасцінец, які ідзе з Вільні да Полацка”.

Міхалішкі ў часы Скарыны

Упершыню Міхалішкі згадваюцца ў 1518 годзе як маёнтак Рыгора Станкавіча Осціка, які браў чынны ўдзел у маскоўска-літоўскіх войнах, а ў бітве на Ведрошы (1500 г.) патрапіў у маскоўскі палон, адкуль яго вызвалілі толькі ў 1508 г. па просьбе вялікай княгіні Алены. Вызваленаму з палону Осціку кароль Жыгімонт вярнуў пост надворнага маршалка, а з 1510 г. ён атрымаў пост троцкага ваяводы.

Маёнтак Міхалішкі у 1526 годзе перайшоў да Радзівілаў. На 1528 год у Міхалішках быў 71 двор. Гэта была гандлёвае мястэчка на той момант,  цэнтрам якога была квадратная рынкавая плошча.

 

Міхалішкі з XVII ст. да нашых дзён

 

Касцёла Святога Міхаіла Арханёла

Росквіт Міхалішак і будаўніцтва мураванага касцёла Святога Міхаіла Арханёла былі звязаныя з польскім родам Бжастоўскіх, якія перабраліся на Літву ў канцы XVI стагоддзя. Ян Бжастоўскі ў 1604 годзе набыў мястэчкаў у Якуба Кенішкі, і надалейшыя два стагоддзі тут пануе гэты род. У 1622 годзе браты Ян і Лукаш Бжастоўскія зафундавалі ў Міхалішках драўляны касцёл, якім мусілі апекавацца манахі з Ордэна рэгулярных канонікаў ад пакуты. Галоўны цэнтр гэтага Ордэна, адгалінавання аўгусцінцаў, знаходзіўся ў Кракаве, некалькі кляштараў з’явілася ў Літве, у тым ліку, у блізкай Быстрыцы. Першы драўляны касцёл згарэў падчас маскоўскіх войнаў, і ў канцы XVII стагоддзя быў пабудаваны ўжо новы мураваны касцёл, які ў 1700 годзе быў асвечаны віленскім біскупам.

Знешне касцёл выглядае досыць сціпла, выкананы ў стылі так званага “сармацкага барока”, для якога характэрныя строгасць і лаканічнасць, але здзіўляе багацце інтэр’еру, выкананага ў тэхніцы стука (гіпсавая імітацыя пад мармур), аўтарства якога і дагэтуль турбуе даследчыкаў. Хоць ужо ў 1766 годзе ў Генеалагічных звестках пра дом Бжастоўскіх было напісана: “План касцёла выпрацаваў і за будаўніцтвам назіраў архітэктар па прозвішчу Пенса. Штукатурыю ж вырабіў штукатар па прозвішчу Перці, абодва родам фларэнтыйцы”. Зараз вядома, што архітэктар паходзіў не з Фларэнцыі, а з Бельгіі. Атаясаміць другога майстра мы можам з майстэрняй італьянскага скульптара П’етра Перці (родам з Ламбардыі), якога звязваюць са стварэннем фантастычнага па прыгожасці стукавага ансамбля віленскага касцёла святых Пятра і Паўла. Пытаннем застаецца, наколькі слынны майстра браў непасрэдны ўдзел у стварэнні дэкору касцёла ў Міхалішках, ці гэтая справа была даручаная яго вучням. Асноўны аргумент, што тутэйшія стукі ўсё ж па якасці выканання значна саступаюць віленскаму ансамблю. Магчыма, пад агульным наглядам італьянскага майстра у Міхалішках працаваў мясцовы разбяр, Мікалай Жылевіч, які творча ўспрыняў і перапрацаваў рымскія і ламбардскія мастацкія традыцыі.

Тым не менш, стукавы ансамбль у гэтым храме — адзін з самых дасканалых узораў барока на беларускіх землях. Як сама тэхніка, так і эстэтычная праграмы былі запазычаныя з Італіі. У праекце міхалішскага касцёла бачна спроба аднавіць іканаграфічную схему галоўнага храма рэгулярных канонікаў Сан Джавані ін Латэрана. Таксама даследчыкі тут адзначаюць і сувязі са скульптурным ансамблем кафедральнага сабора ў горадзе Кома (Ламбардыя).

Такім чынам, афармленне касцёла Міхаіла Арханёла ў Міхалішках сведчыць пра багатыя і насычаныя культурныя сувязі, якія існавалі між Вялікім Княствам Літоўскім і Італіяй у эпоху барока, што прывяло да стварэння многіх выдатных помнікаў, сярод якіх безумоўна вылучаецца і міхалішскі стукавы ансамбль.