Месцазнаходжанне: Пліса з’яўлялася важным пунктам на старажытным Альгердавым шляху. Адлегласць да Вільні — 194 км., да Полацка — 65 км. Акрамя таго Пліса звязаная сухапутным шляхам з Дзісной (54 км). Такім чынам, транспартная камунікацыя паміж Вільняй і Полацкам праз Глыбокае ў часы Скарыны магла здзяйсняцца двума шляхамі: сухапутным і водна-сухапутным (праз Дзісну).

Пліса ў часы Скарыны

Першы пісьмовы ўпамін пра Плісу датуецца 7 ліпеня 1507 г., калі вялікі князь Жыгімонт Стары выдаў грамату, у якой пацверджана купля «вечным правам» маёнтка Пліса з трыма фальваркамі, сялом Балошнікі і з усімі агародамі, палямі, будынкамі ў дварах, іншай маёмасцю Мікалаем Петухом у славутага гетмана Канстанціна Іванавіча Астрожскага. Грамата пацвярджала вечнае права карыстання зямлёй і пабудовамі, а таксама рэкамі, ставамі, млынамі як дзецям гаспадара, так і ягоным нашчадкам.

Паводле Полацкай рэвізіі 1552 года Пліса мела статус мястэчка і з’яўлялася ўласнасцю найбагацейшага прадстаўніка шляхты Полайцкага ваяводства Дзмітрыя Багданавіча Корсака, які нефармальна лічыўся старшым сярод полацкіх баяр і паводле рэвізіі валодаў 494 дымамі ў Полацкім ваяводстве. У мястэчку Пліса на той час налічвалася 54 мяшчанскія дымы, якія неслі павіннасці на карысць уладальніка, і 9 мяшчанскіх дымоў новапасяленцаў, вызваленых ад падаткаў. Улічваючы, што ў тыя часы сем’і былі вялікія, адна гаспадарка — «дым» — гэта 8-10 чалавек, то ў Плісе ў сярэдзіне XVI ст. пражывала каля 620 чалавек. У мястэчку існавалі 2 карчмы, царква св. Пятніцы. У далейшым Пліса неаднаразова змяняла сваіх уладальнікаў.

 

Пліса з XVII ст. да нашых дзён

 

Пліскі крыж

Пліскі каменны крыж XIV-XVIII стст. знаходзіўся пры ўездзе ў мястэчка на старым Альгердавым шляху. Дакладны час з’яўлення крыжа невядомы. Існуе легенда, што яго зрабілі жыхары суседняй вёскі Крывічы пасля таго, як дарэмна спалілі аднаго чалавека за чарадзейства. Дым пайшоў роўна ўгору, а гэта азначала, што чалавек быў святы і душа яго паляцела на неба.

Крыж высечаны з шэрага граніту, мае форму так званага лацінскага крыжа, у якога гарызантальная лінія падзяляецца вертыкальнай напалову, пры гэтым гарызантальная лінія мусіць размяшчацца вышэй за сярэдзіну вертыкальнай лініі. У перакрыжаванні выбіты яшчэ адзін крыжык.

Феномен каменных крыжоў вядомы ў розных краінах Еўропы. На тэрыторыі Беларусі вядомыя каля 200 адзінак. Каменныя крыжы ставілі на перакрыжаваннях дарог, на ўскрайках вёсак, на межах зямель, на могілках для таго, каб уберагчы ад эпідэмій і войнаў. Недалёка ад Плісы каменны крыж ёсць каля вёскі Бабруйшчына.

У 2007 г. крыж быў перанесены ў цэнтр сучаснай вёскі Пліса і ўстаноўлены насупраць праваслаўнай царквы Параскевы Пятніцы, пабудаванай у 1887 г.