Месцазнаходжанне: Германавічы знаходзяцца ў 12 км ад Лужкаў, якія размешчаны на дарозе, што злучае Дзісну з Альгердавым шляхам. Такім чынам, транспартная камунікацыя з Вільняй і Полацкам магчымая праз водна-сухапутны шлях (праз Дзісну). Адлегласць да Дзісны складае 47 км, да Полацка — 87 км, да Вільні — 216 км.

Германавічы ў часы Скарыны

Першы ўпамін пра Германавічы датуецца 1563 годам. Пад гэтым годам яны пазначаны як сяло з назвай Ерманавічы на памежжы Віленскага і Полацкага ваяводстваў. Верагодна, што сяло належала да маёнтка Сапегаў з цэнтрам у Іказні. Пасля адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1565-1566 гг. сяло ўвайшло ў склад Браслаўскага павета Віленскага ваяводства.

 

Германавічы з XVII ст. да нашых дзён

У далейшым Германавічы неаднаразова змянялі сваіх уладальнікаў. З XVIII ст. яны маюць статус мястэчка. З 1782 мястэчка належыла роду Шырынаў. Першы ўладальнік Германавічаў з гэтага роду фундаваў пабудову ў мястэчку касцёла Перамянення Гасподняга ў 1770-1787 гг.

 

Палацава-паркавы комплекс Шырынаў

Пасля пераходу Германавічаў ва ўласнасць Шырынаў напрыканцы XVIII ст. у мястэчку быў створаны палацава-паркавы комплекс Шырынаў (пасля 1782 г.). Сядзіба мае рэгулярную планіроўку з геаметрычна правільнымі ўчасткамі пладовага саду, агароду і шэрагам прамавугольных ставоў. Забудова зробленая ў стылі класіцызму. Каля будынка размяшчаецца невялікі парк.

 

Германавіцкі музей культуры і побыту

У 1990 г. у будынку палаца Шырынаў на грамадскіх пачатках па ініцыятыве мясцовай настаўніцы і краязнаўцы Ады Райчонак быў створаны Германавіцкі музей культуры і побыту (мастацтва і этнаграфіі) імя Язэпа Драздовіча, які з 1992 г. атрымаў статус дзяржаўнага музея. Музей мае чатыры экспазіцыйныя залі, больш за 400 экспанатаў, у тым ліку 28 твораў Язэпа Драздовіча.

 

Язэп Драздовіч

Выбітны дзеяч беларускага нацыянальнага Адраджэння Язэп Драздовіч (1888-1954) нарадзіўся ў вёсцы Пунькі Дзісенскага павета. У 1917-1919 гг. падчас бурных ваенна-рэвалюцыйных падзей ён пасяліўся ў сваякоў у фальварку Лявонаўка каля Германавічаў. У міжваенны час жыццё Язэпа Драздовіча было стала звязана с Дзісеншчынай. У 1921 г. недалёка ад Германавічаў, у вёсцы Сталіца, ён арганізаваў беларускую школу, якая праіснавала, аднак, толькі тры месяцы і была зачынена польскай адміністрацыяй. У 1930-я гг. разам з літаратарамі Янкам Пачопкам і Міхасём Машарам Драздовіч стварыў у Германавічах беларускі культурны асяродак. Штогод улетку ён выпраўляўся ў вандроўку па краі, падчас якіх вырабляў для мясцовых жыхароў малаваныя дываны і партрэты.

Сярод мастацкай спадчыны Язэпа Драздовіча, прадстаўленай у экспазіцыях музею, значнае месца займаюць карціны, прысвечаныя Францыску Скарыну. Ва ўмовах фарміравання беларускага нацыянальнага руху постаць Скарыны пачынае адыгрываць важнае месца ў ягоным дыскурсе. Рэнесансны ідэал шматграннай асобы быў запатрабаваны часам і таму літаратары, гісторыкі і мастакі звярнуліся да постаці Скарыны як сімвалу нацыянальнага асветніка. Язэп Драздовіч стаў першым, хто перадаў вобраз Скарыны ў жывапісе. Яшчэ ў 1915 г. ён стварыў скульптурны бюст Скарыны, які аддаў на захаванне паэтцы Канстанцыі Буйло. На жаль, ні бюст, ні ягоныя фотаздымкі не захаваліся.

У 1927 г. на аснове знакамітай гравюры Язэп Драздовіч напісаў партрэт Скарыны, у якім адлюстравался мастакоўскае бачанне вобразу асветніка. З матэрыяльных прадметаў, якія атачаюць Скарыну, на партрэце адлюстраваныя кніга, сігнет, асабісты герб.

У 1940-я гг. Язэп Драздовіч стварае цэлы цыкл скарынаўскіх карцін. На карціне «Развітанне з Полацкам» («У свет па навуку») Скарына адлюстраваны ў вобразе простага юнака ў даматканай світцы з торбачкай. Тут адлюстроўваецца традыцыйны вобраз пакідання роднага дому, выпраўлення ў невядомы і доўгі шлях. Лагічным працягам выступае карціна «Са свету з навукай», дзе Скарына адлюстраваны ўжо ў вобразе дарослага чалавека, які вяртаецца на радзіму ў статусе навукоўца і прафесіянала. У гэтай карціне праяўляецца адраджэнцкая ідэя пра авалоданне ведамі як місію інтэлігенцыі ў яе служэнні народу. Жывапісная карціна «Друкарня Францішка Скарыны ў Вільні» паказвае працэс стварэння першай беларускамоўнай кнігі. На ёй змешчаны шмат персанажаў на чале са Скарынам, якія напружана занятыя працай; на пярэднім плане размешчаныя кнігі.