Месцазнаходжанне: Быстрыца знадзіцца на старажытным Альгердавым шляху ў 51 км ад Вільні. Адлегласць да Полацка складае 215 км. Такім чынам, транспартная камунікацыя паміж Вільняй і Полацкам павінна была здязяйсняцца сухапутным шляхам. Быстрыца размешчана каля ракі Віліі.

Быстрыца ў часы Скарыны

Першы ўпамін пра Быстрыцу датуецца 1390 годам. У гэтым годзе вялікі князь Ягайла заснаваў у Быстрыцы каталіцкі касцёл Святога Крыжа і запісаў яму фундуш. Гэтая падзея была звязаная з хрышчэннем у каталіцкую веру паганскага насельніцтва ВКЛ адразу пасля Крэўскай уніі, што прывяло да імклівага распаўсюджання каталіцкіх парафій. Адзначаецца таксама, што пры гэтым у Быстрыцы было разбурана паганскае свяцілішча. Быстрыцкая парафія з’яўляецца першай дакументавана зафіксаванай каталіцкай парафіяй на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Разам з касцёлам Ягайла заснаваў у Быстрыцы кляштар белых аўгусцінаў. Відаць, з таго часу дзякуючы храму ў Быстрыцы фарміруецца рэгіянальны культурна-адукацыйны асяродак. У 1399 г. папа рымскі Баніфацый ІХ дазволіў Быстрыцкаму касцёлу карыстацца фундушамі Віленскага кафедральнага касцёла.

На пачатку XV ст. Быстрыца ўзгадваецца ў крыніцах як уласнасць вялікага князя Вітаўта, з якой ён перадаў трох рыбакоў і возера Віленскаму кафедральнаму касцёлу. На пачатку XVI ст. вялікакняскі маёнтак у Быстрыцы стаў цэнтрам староства — буйной судова-адміністрацыйнай адзінкі, якая належала дзяржаве. Двор у Быстрыцы знаходзіўся паміж паселішчам і ракой Віліяй на самым яе беразе. З пачатку XVI ст. у Быстрыцы знаходзілася мытня для сплаву лесу. Збор мыта (грашовы збор, які бралі ў ВКЛ з мясцовых купцоў за ўвоз з-за мяжы або вываз тавараў за мяжу і з іншаземцаў за продаж тавараў або правоз іх па тэрыторыі дзяржавы) быў уведзены віленскім ваяводам Мікалаем Радзівілам у 1522 г. У Быстрыцы таксама дзейнічала карчма.

З пачатку XVI ст. Быстрыцкае староства знаходзілася ў трыманні за службу віленскіх ваяводаў. Так, крыніцы фіксуюць, што ў 1514 г. староства знаходзілася ў трыманні віленскага ваяводы Мікалая Мікалаевіча Радзівіла, у 1526 г. — у трыманні віленскага ваяводы Альбрэхта Марцінавіча Гаштольда. Непасрэдна Быстрыцкае староства кіравалася намеснікамі, якіх прызначаў віленскі ваявода. Крыніцы ўзгадваюць той факт, што ў 1536-1542 гг. віленскія мяшчане судзіліся з віленскімі ваяводамі аб выплаце мыта з плытоў у Быстрыцу. Спрэчка скончылася тым, што ў 1542 г. вялікі князь Жыгімонт Стары вызваліў віленскіх мяшчан ад выплаты мыта за прагон плытоў праз Быстрыцу.

У 1526-1528 гг. кляштар белых аўгусцінаў быў зачынены вялікім князем Жыгімонтам Старым за злоўжыванні і злачынствы манахаў, і касцёл быў пераўтвораны ў парафіяльны. Напярэдадні гэтых пераўтварэнняў вялікі князь фундаваў у 1523 г. будаўніцтва новага драўлянага касцёла, які пачаў функцыянаваць у 1530 г. як парафіяльны храм. Дзякуючы даўняй гісторыі, блізкасці да Вільні і цэнтральнаму месцу Быстрыцы ў рэгіёне можна меркаваць, што касцёл у першай палове XVI ст. адыгрываў важную ролю ў распаўсюджанні ўплываў рэнесансна-гуманістычнай культуры.

У 1547 г. упершыню Быстрыца згадваецца ў крыніцах як горад (места). Адзначаецца наяўнасць кіраўніка гарадской адміністрацыі — войта.

З сярэдзіны XVI ст. Быстрыцкае староства, відаць, перайшло ў непасрэднае ўладанне да вялікага князя, які пачаў жалаваць староства ў карыстанне розным магнатам за службу ці аддаваць у заставу. Быстрыцкае староства праіснавала да падзелаў Рэчы Паспалітай, некалькі змяняючы сваіх уладальнікаў.

 

Быстрыца з XVII ст. да нашых дзён

 

Касцёл Узвышэння Святога Крыжа

Касцёл Узвышэння Святога Крыжа мае мае глыбокія гістарычныя карані якія ўзыходзяць да будынку аўгусцінскага касцёла, фундаванага Ягайлам у 1390 г.  Ён быў пабудаваны у 1760 г. у стылі ракако, найбольш запатрабаваным на той час у ВКЛ архітэктарам Іаганам Крыштафам Глаўбіцам. У 1865-1918 гг. будынак касцёла часова быў перададзены праваслаўнай царкве, але потым быў вернуты каталіцкім вернікам і функцыянуе да гэтага часу.